Жыве Беларусь!

Уступ


Яшчэ ў дзяцінстве ва ўступе да нейкага твора я прачытаў трапную заўвагу: «Варта інтэлігенту правесці ноч у паліцэйскім участку, як ён адразу напіша пра гэта кнігу». Не ведаю, ці магу лічыць сябе інтэлігентам, ды і ў кіпцюрах Сістэмы я правёў нашмат больш, чым адну ноч, але гэта выказванне здаецца мне даволі ўдалым. Сапраўды, турма, няволя і ўсё з ёй звязанае, даюць чалавеку такую гаму пачуццяў і ўражанняў, якую ён мала дзе яшчэ атрымае. А для таго, хто прывык крытычна аналізаваць убачанае, гэта яшчэ і звышздатная глеба для назірання, рэфлексій і глыбокага роздуму.

Па задумцы, якую, спадзяюся, мне ўдасца рэалізаваць, гэты зборнік апавяданняў — толькі прамежкавы этап на шляху да больш грунтоўнага аповеду, агульны нарыс на палатне, якое яшчэ належыць запоўніць фарбамі: ён дае агульнае ўяўленне, але не дазваляе адчуць усю паўнату карціны. Такой карцінай, спадзяюся, стане ў будучыні кніга-гісторыя, якая раскажа аб маім зняволенні ад першага дня да апошняга.

Чаму ж я вырашыў напісаць «Фарбы паралельнага свету»? Па-першае, улады баяліся і баяцца агалоскі ўсяго, што робіцца ў карных установах, адмыслова робячы іх настолькі закрытымі, наколькі гэта магчыма. Гэта значыць, што агалоска можа нанесці ім рэпутацыйную і маральную шкоду. І, калі магчымасць нанесці такую шкоду ў нас ёсць, мы павінны яе выкарыстоўваць. Кожны злодзей імкнецца схаваць свае дзеянні ці, калі не атрымалася, апраўдаць іх чым заўгодна: законам, правам моцнага, «рэвалюцыйнай неабходнасцю», мараллю… Казаць жа праўду і выкрываць злачынствы — гэта імператыў, маральны абавязак кожнага чалавека. Па-другое, расказваць аб тым, што мы пабачылі і адчулі, важна таксама і дзеля дакументавання. Бо ніхто і нішто не вечнае. І многія ў будучыні могуць сказаць: «А мы нічога не рабілі… Мы толькі выконвалі загад», альбо: «Мы не ведалі, што гэта робіцца, а інакш абавязкова прынялі б меры!» Альбо ўвогуле пачнуць адмаўляць усё: «Гэта хлусня, не было такога! Дзе пацвярджэнні?» І калі нават над імі ніколі не адбудзецца суд народны ці нават дзяржаўны, куды больш важны суд гісторыі.

Пра турму ўжо сказана і напісана даволі многа. І часам здаецца, што тут цяжка распавесці нешта новае, бо няволя ёсць няволя, і ва ўсіх краінах свету ад дыктатур Азіі да буржуазных дэмакратый Захаду турмам уласціва адно і тое ж: адчай, азлобленасць, страх, боль, а таксама подласць і самаахвяраванне, сяброўства і здрада, міласэрнасць і жорсткасць і, вядома, інстытуцыяналізаваны гвалт, які з’яўляецца своеасаблівай мовай турмы. Ці змагу я стаць наватарам у гэтай сферы? Калі глядзець глабальна, то, вядома, не, бо беларуская турма не ёсць нечым унікальным, асабліва для постсавецкага рэгіёна, а агульная логіка і філасофія турмы, як я ўжо казаў, аднолькавыя паўсюль. Але ў лакальным маштабе, думаю, так. Без ілжывай сціпласці магу сказаць, што мой досвед у маштабах Беларусі быў унікальны. Мае сябры і я сталі першымі анархістамі ў Беларусі з моманту атрымання ёю незалежнасці, асуджанымі да пазбаўлення волі за палітычныя акцыі. Не менш унікальнымі былі і ўмовы нашага вызвалення. Не ведаю, ці ёсць яшчэ ў сусветнай гісторыі прыклады, каб вышэйшыя афіцыйныя асобы еўрапейскіх дзяржаў, да прэзідэнтаў і прэмьер-міністраў, да сенатараў ЗША, патрабавалі ад іншай дзяржавы вызваліць палітвязняў-анархістаў (!), асуджаных за акцыі прамога дзеяння (і, што цікава, у выніку ў тым ліку гэтых патрабаванняў мы сапраўды былі вызваленыя), прытым, што ў гэтых краінах сядзіць нямала «сваіх» анархістаў.

За пяць гадоў свайго зняволення я пабываў у чатырох турмах і трох калоніях. Такі лёс выпадае вельмі нямногім арыштантам у Беларусі. Больш за год агулам правёў у адзіночнай камеры, змог зблізу пабачыць крымінальны свет і яго прадстаўнікоў — прафесійных злачынцаў, «бродяг», як яны самі сабе называюць; стаў другім вязнем за дваццацідвухгадовую гісторыю магілёўскай крытай, асуджаным там па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса;[1] адчуў на сабе ўсе без выключэння метады «выпраўлення» (ад пазбаўленыя перадач да адпраўлення ў турму строгага рэжыму) і паспрабаваў усе без выключэння метады турэмнага пратэсту (ад напісання скаргаў да галадовак і членашкодніцтва). Таму я спадзяюся, што мой вопыт і тая інфармацыя, якую я вынес з засценкаў, будуць карысныя і запатрабаваныя: камусьці для таго, каб у будучыні трываць выпрабаванні, камусьці для таго, каб не паўтараць маіх памылак, камусьці, магчыма, у мэтах сацыялагічных ці антрапалагічных даследванняў.

З арыштанцкага жаргону ў рускую мову перайшло некалькі соцень, калі не тысяч, словаў. У беларускую мову, здаецца, аніводнага. Адпаведных жаргонных эквівалентаў «турэмным» словам ў беларускай мове не існуе (прынамсі, ніколі іх не чуў). Таму я вырашыў не вынаходзіць ровар і пакінуў арыштанцкі жаргон як есць — у пачатку кнігі вы знойдзеце невялічкі слоўнік.

Дзякуй Вам, што дачыталі да гэтага моманту. Спадзяюся, гэта невялічкая кніга будзе Вам лёгкай для чытання.


За ўзнікненне гэтай кнігі магу падзякаваць маім бацькам і маім паплечнікам: за тое, што дзякуючы іх высілкам, я змог выйсці на паўгода раней, чым павінен быў па прысуду; майму выкладчыку Уладзіславу Іванову — за падбадзёрванні і ўменне матываваць; маёй жонцы Леры — за рэцэнзіі і крытыку; падпалкоўніку ГУБАЗіК Аляксандру Георгіевічу Ліцвінскаму, дзякуючы помслівасці і нянавісці якога я пабываў там, дзе пабываў, і пабачыў тое, што пабачыў. Таксама хачу падзякаваць усёй карнай сістэме ДВП МУС, татальны дэбілізм і антыгуманнасць якой былі і будуць для мяне крыніцай натхнення.


Спіс скарачэнняў і жарганізмаў


  1. «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі». ↩︎