Жыве Беларусь!

Бунт у каранціне


Турэмны бунт — амаль заўжды паўстанне безнадзейных. Сілы бунтаўнікоў і карнікаў загадзя няроўныя, выступ будзе задушаны ў любым выпадку: праз ШІЗА, ПКТ, збіццё, накрутку новых тэрмінаў альбо нават забойства паўстанцаў. Пытанне толькі ў тым, які ўрон паўстанне прынясе існай сістэме і, як следства, ці стане верагоднасць новага бунту фактарам, што стрымае начальнікаў ад чарговага наступу на правы. У гэтым і ёсць сэнс турэмнага бунту. Такім чынам, кожнае паўстанне ў турме — гэта зачын і страхоўка, якія забяспечваюць наступным пакаленням арыштантаў крыху лепшыя ўмовы жыцця.

У беларускіх турмах сапраўдных бунтаў не было даўно. Часы, калі зэкі маглі збіць супрацоўнікаў адміністрацыі, ламаць платы і захопліваць баракі, засталіся ў 90-х. Таму сягоння, пры агульным спакоі ў зонах і турмах, пры паслухмянасці абсалютнай большасці зэкаў, нават простае непадпарадкаванне больш чым пары чалавек ужо расцэньваецца як бунт і надзвычайнае здарэнне.


На ПК-15 мяне прывезлі 12 чэрвеня 2011 года.

Усіх новапрыбылых у лагер на 2–3 тыдні змяшчаюць у каранцін — асобны атрад, ізаляваны ад іншых, з нашмат больш строгім рэжымам, без вываду на працу, але са шматлікімі штодзённымі дзяжурствамі: мыццём падлогі, надрайваннем рукамыйнікаў, падмятаннем дворыка па два разы на дзень і іншымі бессэнсоўнымі заняткамі. Мэта каранціну — даць зразумець зэку, «куды ён патрапіў», выявіць тых, хто мае намер «блатаваць» і не падпарадкоўвацца рэжыму. Робіцца гэта праз прымус зэка пераступіць праз нефармальныя табу, прынятыя ў «вараўскім» свеце, і падначаліць яго фармальнай мусарской дысцыпліне. Напрыклад, яшчэ 15–17 гадоў таму лакальны ўчастак («лакалку» — унутраны дворык барака) мялі альбо пеўні, альбо ўсялякія заняпалыя асобы. Нармальнаму мужыку гэта лічылася западло, не кажучы ўжо пра блатнога. Калі ў каранціне табе прапаноўвалі мяцёлку, ты мусіў ганарліва адмовіцца і прайсці ў ШІЗА — а потым ужо падымаўся ў атрад. Гэтае табу выкаранялася адміністрацыяй паступова, год за годам. І сёння лакалку мятуць 99 адсоткаў зэкаў, калі не больш. Калі ты не мяцеш — ты не падымешся ў атрад: наўпрост з каранціну цябе чакае дарога ў ШІЗА, ПКТ, а потым на крытую, альбо «раскрутка» па 411-м артыкуле. Мінулыя гады прыбіраць рукамыйнік маглі толькі пеўні (туды ж плююць!), сёння амаль ва ўсіх зонах гэта робяць мужыкі. Хоць гэтая праца паранейшаму лічыцца «непрэстыжнай». У працэсе адмірання гэтыя правілы часцяком праходзяць праз смешныя дэфармацыі: у ПК-15, напрыклад, у каранціне ўсе праходзяць праз прыбіранне рукамыйніка, але ў атрадзе той, хто гэта зрабіў аўтаматам, пераводзіцца ў пеўневую касту.

Адпаведна з больш строгім рэжымам, у каранціне выкарыстоўваюцца і больш строгія пакаранні да тых, хто яго парушыў. Шырока практыкуецца кругавая зарука. Напрыклад, калі нейкі зэк ноччу пакурыў у прыбіральні, то заўхоз каранціна даносіць на яго мусарам, тыя прыходзяць у каранцін і ўчыняюць усім яго жыхарам (гэта зазвычай 40–50 чалавек) «агляд знешняга выгляду» на гадзіну-паўтары: выганяюць усіх у лакалку разам з сумкамі і ўсімі пажыткамі, ператрэсваюць іхняе змесціва, прымушаюць там жа, стоячы пад сонцам або седзячы на кукішках з рукамі за галавой («поза этапу» — так гэта называюць мусары), паўгадзіны слухаць лекцыю пра «недапушчальнасць парушэння рэжыму».

Гісторыя, што адбылася са мной, наўпрост звязаная з ноў-хаў «пятнашкі»: за правіны нейкага аднаго выганяць увесь каранцін на пляц і прымушаць маршыраваць па коле — нага ў нагу.

Прыбыўшы ў зону, я з самага пачатку вырашыў, што «блатаваць» альбо правакаваць мусароў на рэпрэсіі не буду. Буду спакойна жыць паводле рэжыму, нікуды асабліва не лезці, пачытваць кніжкі і займацца сваімі справамі. Карацей кажучы, «не адсвечваць», як і раілі мне старыя вопытныя зэкі, з якімі я паспеў перасекчыся за восем месяцаў папярэдняй адседкі. Але даведаўшыся пра такія скоцкія калектыўныя спагнанні (нічога падобнага не прадугледжана законам: прымушаць зэкаў трымаць крок у нагу па коле — гэта звычайны здзек ад усёдазволенасці), я падумаў, што лепш ужо прыцягнуць да сябе ўвагу і быць пакараным, чым рабіць такія прыніжальныя рэчы.

Па шчаслівай выпадковасці, я быў у каранціне не адзіным палітычным. Са мной разам тады сядзелі яшчэ двое: Яўген Васьковіч, асуджаны на сем гадоў за падпал будынка КДБ у Бабруйску, і Яўген Сакрэт — вязень «Плошчы-2010», які атрымаў тры гады за тое, што тры разы ўдарыў АМАПаўца ломікам па шчыце. Акрамя нас, у каранціне было яшчэ некалькі нармалёвых хлопцаў, якія, выглядала, не гатовыя былі мірыцца з бязмежжам. Некалькі разоў перагаварыўшы з імі і абмеркаваўшы тое, што адбывалася, мы вырашылі, што адмаўляцца ад маршыраванняў трэба калектыўна. Заручыўшыся падтрымкай яшчэ двух пацаноў — Ромы і Ягора, — а таксама правёўшы сярод усіх нашых знаёмых у каранціне тлумачальную працу: «Калі выведуць на пляц — ніхто не маршыруе!» — я і Яўген сталі чакаць, калі мусары зноўку вырашаць скарыстаць сваю тактыку, каб дэманстратыўна адмовіцца і паказаць прыклад іншым. У Ягора, тым больш, была фармальная прычына для адмовы: у яго не было абутку; са сваім 47-м памерам нагі па каранціне ён хадзіў у тапках.

Доўга чакаць не давялося. Неўзабаве ў Ягора здарылася вусная сутычка з днявальным каранціну — дробязным і агідным казлом. Ягор паабяцаў яму ўсадзіць заточку ў бок. Пустая пагроза, канечне, але яе хапіла, каб днявальны пабег скардзіцца заўхозу каранціна — Барадзе. Барада — рэдкая, нават па лагерных мерках, мярзота, матаў сваю дваццацьпятку тэрміну і быў павязаны з мусарамі мноствам сумесна паламаных лёсаў. Таму за пагрозу свайму падапечнаму ён, не доўга думаючы, пабег да рэжымнікаў.

Прыйшлі двое рэжымнікаў: Рагаўцоў (мянушка яго «Разетка» — за смешны кірпаты нос) і Маскалёў («Сабака»), пачалі выганяць нас на пляц. Узяўшы томік Салжаніцына, які тады чытаў (у каранціне пакінуць рэчы няма дзе — удзень забаронена заходзіць у спальныя памяшканні, дзе стаіць твая тумбачка, таму ўсё сваё носіш з сабой), я пайшоў за астатнімі. З самай раніцы накрапваў дробны дождж.

Пашыхтаваўшы зэкаў у шэраг на пляцы каля каранціну, Сабака пачаў весці «прафілактычную гутарку»:

— Паглядзіце, каго вы слухаеце! Прыедуць — ні радзімы, ні сцяга — і спрабуюць вас на нешта падбіваць! А вы ведзяцеся! (У гэтыя дні ў каранціне было некалькі «крытчыкаў» з турмы № 4 — відаць, рэжымнік быў упэўнены, што менавіта пад іхнім уплывам адбыўся канфлікт з казламі.) Хто будзе канфліктаваць з актывам, парушаць, адразу паедзе ў ШІЗА! І УДВ вам тады не відаць! Зразумела?!

Ягор вырашыў яму запярэчыць — пакуль шыхт пакорна маўчаў. Маўляў, актывісты самі нарываюцца, паводзяць сябе нахабна, патрабуюць незразумела што. Але Сабака, як сапраўдны мент, не спрабаваў знайсці правых і вінаватых, а проста пачаў хаміць Ягору, вальяжна праходзячы ўздоўж шыхта. У перапалку ўмяшаўся Васьковіч:

— Вы не маеце права так размаўляць! Вы прыніжаеце яго чалавечую годнасць!

— У яго няма годнасці! — без ценю сумневу адказаў Сабака.

— Годнасць у яго ёсць! Яна ёсць у кожнага!

Такая працяглая сварка з зэкамі яўна не ўваходзіла ў планы Сабакі і падрывала ягоны аўтарытэт. У справу ўступіў Разетка:

— Так, ану пашыхтаваліся ўсе па пяцёра! — Рагаўцоў стаў шыхтаваць усіх на пачатку пляца.

Неяк вельмі няўчасна дождж ператварыўся ў залеву. У паветры запахла мокрым асфальтам і перспектывай штрафнога ізалятара.

Мы з Яўгенам і Ромам пераглянуліся.

На пляцы ўсе пашыхтаваліся па пяцёрках. Я — у другой пяцёрцы. У першай — Яўген і Ягор.

Сабака і Разетка вальяжна праходжваліся ўздоўж «каробачкі» зэкаў, прадчуваючы, як зараз будуць здзекавацца ды ўраготвацца з маршыруючага па коле статку.

— А цяпер маршыруем вунь да той лініі! І каб у нагу! З левай нагі пачынаем! І-і-і-і РАЗ! — камандуе Разетка.

Тры чалавекі рушылі па пляцы, няўклюдна імітуючы салдацкі крок. Ягор і Яўген засталіся стаяць. Мусары, крыху разгубіўшыся ад такога нахабнага непадпарадкавання, не ведалі, што рабіць, і проста адазвалі іх і загадалі абодвум устаць убаку ад шыхта.

Тым часам дайшла чарга да другой пяцёркі.

— Левай нагой! І-і-і РАЗ!

Я ўважліва назіраю за сваімі суседзямі па пяцёрцы. Адзін быў ужо занёс нагу, калі збоку прагучаў крык Яўгена: «Стаім!!!» Яго тут жа павалаклі ў кічу. Ніхто з нашай пяцёркі, апроч гэтага аднаго, не рушыў з месца.

Гляджу на Разетку: у яго вачах відавочнае неўразуменне. Ён, напэўна, думае, што яго недачулі:

— І-і-і РАЗ!!! — паўтарае яшчэ гучней.

Пяцёрка паранейшаму стаіць на месцы.

— Вы што, бл*дзь? Непадпарадкаванне?! — задыхаючыся ад злосці і раз’юшваючыся, раве Разетка.

Да яго далучаецца Маскалёў:

— Усім сесці на кукішкі!!! Рукі за галаву!!!

Шыхт не рушыць з месца.

— УСІМ СЕСЦІ НА КУКІШКІ, БЛ*ДЗЬ!!! — лямантуе, паўтараючы за ім, Разетка.

— Сам садзіся, — гучна і выразна кажу я.

— Хто гэта сказаў? — спакойна пытаецца Сабака.

— Я.

— Хадзі сюды.

Я падыходжу да яго не без пачуцця трывогі. Маскалёў і яшчэ пару падышоўшых мусароў (іх ужо нармалёва сабралася — у каранціне НП!) пачынаюць на мяне наязджаць, правакаваць і пагражаць. Я чакаю ўдару, але ён не адбываецца. Маўчу, нічога ім не адказваю. Чую ззаду шум — Разетка праходзіць паўз шыхт і з крыкам «СЯДЗЕЦЬ, БЛ*ДЗЬ!!!» б’е скрайніх па спіне, раздае ім кухталі. Я адварочваюся і працягваю слухаць наезды мусароў.

Неяк незаўважна паспеў закусіцца з лягавымі і Ягор — яго таксама пацягнулі ў ШІЗА.

Яны кажуць мне ісці на месца. Я разварочваюся і бачу, што ўвесь каранцін ужо сядзіць на кукішках. Падумаўшы, што адзін у полі не ваяр, саджуся і я (потым дакараў сябе за гэта: трэба было стаяць).

Залева не спынялася.

Наступныя дзесяць хвілін мы слухалі «выхаваўчы» лямант Разеткі ды пагрозы ўсіх перасаджаць у ШІЗА. Я сядзеў, накрыўшыся сваім томікам Салжаніцына. Разетка прайшоў паўз мяне, не забыўшыся кінуць камэнтарый:

— «Архіпелаг ГУЛАГ»? Чытайце, чытайце. Прыдасца!

«Які выдатны загаловак для “Радыё Свабода”», — падумалася мне…

Скамандавалі ўстаць.

— Што, яшчэ нехта ў ШІЗА захацеў? — намякаючы на Ягора і Яўгена, працягваў наступ Разетка. — Яшчэ хаця б адзін канфлікт з актывістамі — усіх туды закрыю, ясна?! А цяпер пастроіліся. І крокам руш — у каранцін. І-і-і РАЗ!

Я — у першай пяцёрцы. Ад нашага шэрагу да дзвярэй каранціна — метраў дваццаць. У маіх планах нічога не памянялася: дамовілімся з мужыкамі, значыць, трэба рабіць абяцанае. А што могуць закрыць у кічу, было ясна з самага пачатку.

Чатыры чалавекі з нашага шэрагу, смешна спрабуючы патрапіць у нагу, пайшлі ў накірунку каранціна. Я адзін застаўся стаяць. Маскалёў зноў паклікаў да сябе. Мяне абступіла цэлая плойма мусароў, якія сталі наперабой на мяне раўсці:

— Чё, блатуешь, да?!

— У нас блатныя адразу ў крытую едуць, ясна!

— Што за стацця? Тры-тры-дзевяць? Баклан?!

— Будзешь сядзець да званка!

— Ды акт на яго складзеш, хай у ШІЗА пасядзіць!

І да таго падобнае. Я не дужа іх слухаў — ужо моцна прамокнуўшы пад дажджом, калаціўся ад нерваў і шаленства — шэраг за шэрагам мае суседзі сыходзілі ў барак, бадзёра ўзмахваючы нагамі. Стаяць не застаўся ніхто.


Гэтая гісторыя хутка стала вядомая ўсёй зоне, мясцовыя «дзвіжэнцы» за нас радаваліся: «Каранцін бунтануў!» Зэкі прыколваліся: калі «нулявы атрад» (так нас называлі) нёс бачкі з ежай па цэнтральнай алеі, дэманстратыўна саступалі месца: «Прапусці, блатныя ідуць!»

Васьковіч і Ягор атрымалі свае суткі ШІЗА, выйшлі і былі намі дастойна сустрэтыя. Ягор хутка з’ехаў у ШІЗА па нейкіх новых абставінах.

Сам я дагэтуль здзіўляюся, чаму тады не быў адпраўлены ў кічу. Аднак наступствы ўсё ж напаткалі: спачатку мяне выклікаў у кабінет начальнік аперчасткі Слесараў (які стаў пазней намеснікам начальніка зоны), пагражаў крытай, 411-м артыкулам і прымяненнем фізічнай сілы ў выпадку далейшага непадпарадкаваныя (па іроніі, у наступныя 4,5 года тэрміну я зведаў усё вышэйпералічанае). Акрамя таго, мяне паставілі на нешта кшталту прафуліку — наступныя пару тыдняў кожны вечар да нас прыходзілі кантралёры «правяраць Дзядка»: ці не збег, ці не чыніць якіх непарадкаў.

Пасля ўсяго, што адбылося, у каранціне яшчэ не раз курылі ў прыбіральні, сварыліся з казламі і парушалі рэжым. Кагосьці саджалі за гэта ў ШІЗА, камусьці давалі дзяжурствы па-за чаргой. Пару разоў нават выводзілі ўвесь каранцін на пляц з асабістымі рэчамі.

Але болей ні разу не прымушалі маршыраваць.


Маўглі