Жыве Беларусь!

Чараўнік


Уводзіны. Турэмны рэжым

Некаторыя імёны дзеючых асобаў змененыя

Замкнёная прастора са спецыфічнымі этычнымі нормамі, вычварэнскім разуменнем маралі, дзе чалавечая істота, будучы скіраванай да адной толькі мэты — выжыць, спараджае мудрагелістыя прычынна-выніковыя сувязі.

Можна верыць або не верыць у лёс, у здольнасць Сусвету матэрыялізаваць нашыя думкі і жаданні, у карму, у правіла бумеранга, у біблейскае «што пасееш, тое і пажнеш», можна лічыць усё вышэйпералічанае праявай найвышэйшых сілаў ці лагічным наступствам нашых уласных учынкаў, аднак у пэўных кропках Зямнога шару гэтыя правілы праяўляюць сябе бясспрэчным і ультыматыўным фактам.

Адна з такіх кропак ёсць і на тэрыторыі Беларусі: установа пад назвай «турма № 4», больш вядомая сярод арыштантаў як магілёўская крытая.

Турэмны рэжым — адно з апошніх і самых жорсткіх дысцыплінарных пакаранняў, прадугледжаных КВК для «злосных парушальнікаў усталяванага парадку адбывання пакарання». Горш, бадай, толькі 411-ы артыкул КК. У крытую зэка могуць адправіць з папраўчай калоніі па рашэнні суда на тэрмін да трох гадоў. На турэмным рэжыме адбыванне пакарання працягваецца ва ўмовах камернай сістэмы: у камерах, дзе людзі гадамі знаходзяцца адзін з адным у рэжыме 24/7, ад трох да дванаццаці чалавек; гадзіна прагулкі на дзень, жорсткія абмежаванні па колькасці дазволеных рэчаў, адна перадача на год, і то далёка не ўсім (што, улічваючы колькасць пайкі, азначае, што крытчык знаходзіцца ў пастаянным стане напаўголаду), і адно спатканне на год: дзве гадзіны размовы праз шкло, якіх таксама нярэдка пазбаўляюць па рашэнні начальніка турмы.

Аднак цэнтральная фішка магілёўскай крытай не яе «галодны рэжым», а тое, кім яна кіруецца і па чыіх правілах жыве.

Першапачаткова турэмны рэжым быў народжаны папраўчай сістэмай для перапынення лагерных бунтаў і ізаляцыі тых, хто мог іх справакаваць: блатароў, зладзеяў у законе, прынцыповых і харызматычных палітзняволеных.

З пачатку так званай «крымінальнай рэвалюцыі» ў краінах СССР у памятныя 90-я крытыя сталі асяродкам тых самых «отрицал» — крымінальных аўтарытэтаў, што, жывучы паводле зладзейскіх паняццяў, стваралі галаўны боль для адміністрацыі лагераў; блатных, якіх не бралі ні лагерныя ШІЗА, ні ПКТ. Іхняя згуртаванасць, прыхільнасць да паняццяў і гатоўнасць да гвалту дзеля насаджэння сваіх парадкаў непазбежна патрабавалі іхняй ізаляцыі ва ўмовах камернай сістэмы.

Але часы памяняліся. Арганізаваная злачыннасць у Беларусі была перадушаная (не лічачы, канечне, Сям’і, што стаіць ля стырна). Часткова — ліквідаваныя эскадронамі смерці, часткова — здрабнелі і перагрызліся паміж сабой зладзеі ў законе, лагеры былі пастаўленыя пад кантроль адміністрацыі, у іх, выказваючыся мовай мусароў, была дасягнута «стабільная аператыўная абстаноўка». Па ідэі, крытыя мусілі знікнуць або, прынамсі, іхняя колькасць павінна была зменшыцца.[1] Аднак не такая бюракратычная савецкая, а значыць, і лукашысцкая логіка. Кожная крытая— не меней за сотню супрацоўнікаў ДВП МУС, стабільнае фінансаванне з бюджэту, што гэтаксама стабільна распілоўваецца адміністрацыяй, гэта і шырокія карупцыйныя магчымасці для кумоў і рэжымнікаў. Гэтак за раз узяць і прыкрыць гэта ўсё толькі таму, што ў Беларусі не стала крымінальных аўтарытэтаў? Ну ўжо не! Калі турма ёсць — нехта павінен у ёй сядзець! Сістэма абрала іншы шлях: раз сярэдні зэк стаў больш паслухмяны, мы проста знізім крытэры для адпраўкі туды — і крытыя зноў напоўняцца людзьмі! І вось ужо з сярэдзіны нулявых у магілёўскай, жодзінскай і гродзенскай турмах становіцца ўсё меней рознага кшталту звезеных з зонаў блатных і «смотрящих» і ўсё больш простых мужыкоў. Патрапіць у крытую стала магчыма, калі ты: пранёс на зону мабільнік, паставіў брагу, пасварыўся з начальнікам атрада, пісаў скаргі на адміністрацыю, адмовіўся месці лакальны ўчастак, проста пабіўся з іншым зэкам. Пры мне ў магілёўскую крытую заехаў хлапец за тое, што абліў заўхоза вадою ды сказаў, што гэта мача. Адміністрацыі зонаў сталі актыўна карыстацца крытай як звалкай для ўсіх праблемных элементаў. Хтосьці прайграў вялікую суму грошай? У крытую яго, каб у зоне галаву не набілі. Хтосьці скрысіў у іншых арыштантаў? Будуць чмырыць, павесіцца яшчэ… У крытую яго, ад граху падалей! Туды сталі адпраўляць нават звычайных пеўняў паводле нейкага нікому не вядомага прынцыпу.

Гэтак і магілёўская крытая, на момант майго прыезду туды, 7 снежня 2012 года, уяўляла сабою корпус турмы з насельніцтвам каля 220 чалавек, у якім уласна блатнымі — крымінальнымі аўтарытэтамі і прафесійнымі злачынцамі — з’яўляліся каля дваццаці. Астатнія ж, за невялікім выключэннем, уяўлялі кантынгент, пералічаны вышэй. Блатныя падзялялі з адміністрацыяй уладу ў турме, і ў гэтай дзяльбе мужыцкага пірага кожны атрымліваў сваё: адміністрацыя — кіраванне і адсутнасць эксцэсаў, блатныя — права збіраць свой абшчак, пачуццё ўласнай перавагі над шэрай масай вязаных і шматлікія прывілеі ад мусароў.

Частка 1. Люстэркавы маг

Яго я заўважыў яшчэ на зборцы, калі наш этап новапрыбылых на турму крытчыкаў шманалі і вырашалі, хто ў якую хату пойдзе.

Рот не закрываецца. Звонкі голас. Рэдкае для нашых шыротаў грэцкае імя — Костас і армянскае прозвішча — Саркісян. Асабовая справа — таўшчэзная, нават таўсцейшая за маю (што рэдкасць).

— А я скаржнік, — ахвотна тлумачыць Костас усім цікаўным. — У мяне на мусароў… — называе нейкую завоблачную суму, — скаргаў! — у голасе непадробны гонар.

Стаім тварам да сцяны, рукі за спінай, чакаем шмону. А Костас тым часам ужо разгаварыўся з канвойнымі:

— Глядзі, што ў мяне ёсць! — дастае з кешара просты школьны сшытак і пачынае гартаць. Усе аркушы — у бурых плямах і незразумелых каракулях, падобных да подпісаў. — Гэта душы, — тлумачыць Саркісян. — Я купляў іх у зоне за пачак «двушак».

Прыгледзеўшыся, бачу, што купленыя душы ўяўляюць з сябе плямы крыві іхніх уладальнікаў і іхні ж подпіс побач.

— Яны чытаюць заклінанне і абвяшчаюць, што аддаюць сваю душу мне, Костасу Саркісяну, — задаволена растлумачвае ён, бліскаючы чорнымі, як вуголле, вачыма, — а я ім пачак «Фэста» або «Кароны». І ўсе задаволеныя! — Костас адну за адной гартаў старонкі з бурымі разводамі, даючы зразумець, што ахвочых да такой угоды было ў зоне хоць адбаўляй.

— І на*уя табе гэта? — здзіўляўся канвойны.

— А я ад іх падзараджаюся, як ад батарэек.

— Бл*, стромная нейкая х*йня, — баязліва заўважыў мент. — Не баішся ў гэта ўлазіць?

— Ха! Ды ў мяне бабка — самая моцная ведзьма Арменіі! Была. Я сам — магістр люстэркавай магіі. Дарэчы, — звярнуўся Костас ужо да іншага канвойнага, — ты чаго гэта з рыжанькаю палаяўся?

Мусар недаўменна пераглянуўся з калегам. Костас працягваў браць быка за рогі:

— Ну сяброўка ж у цябе ёсць?

— Ну ёсць.

— Рыжанькая, я ж бачу, — чараўнік прыжмурыўся, ва ўпор гледзячы на канвойнага. — Дык чаго пасварыўся?..

Пазіраючы на тое, як магістр люстэркавай магіі разводзіць канвойных, я задаўся пытаннем: цікава, ці палегчыць магія яго арыштанцкае жыццё ў такім няпростым і змрочным месцы, як крытая. Ці, наадварот, ускладніць?

«Ёсць ведзьмакі, ёсць магі. А я — чараўнік. Гэта зусім розныя рэчы!» — ладзіў Костас лікбез ужо не толькі мусарам, але і ўсяму этапу, што здзіўлена прыклеіў вушы да незвычайнай гутаркі. Ніхто з нас яшчэ не ведаў, што магілёўская крытая і сама чаруе паболей, чым Саркісян, і што на 2,5 года яна падрыхтавала яму з лішкам жорсткіх прыгодаў.

Пасля шмону мянты паднялі нас на трайнікі. Гэта— своеасаблівы турэмны каранцін. Восем камераў на тры чалавекі кожная, з больш строгім рэжымам і крыху наводшыбе — у бакавым рукаве ад асноўных турэмных калідораў. Там новапрыбыльцы знаходзіліся па 2–3 тыдні, маральна рыхтуючыся да жыцця ў камернай сістэме ды праходзячы ўсемагчымыя турэмныя рэгістрацыі: у доктара, псіхолага, опера і г. д.

Мы з Чараўніком (менавіта такое паганяла яму далі блатныя) апынуліся ў суседніх хатах. Я ў 150-й, ён — у 151-й. Канструктыўная асаблівасць трайнікоўскіх хатаў такая: тонкія сцены і санвузлы ўпрытык адзін да аднаго праз сценку. Гэта значыла, што, адчыніўшы зліў унітаза, можна было размаўляць, а прасунуўшы руку — лёгка перадаць не дужа тоўсты скрутак: сусед проста браў яго сваёй рукой, а ты аддаваў.

Не знайшоўшы шмат агульных тэмаў са сваімі сукамернікамі, я стаў інтэнсіўна камунікаваць з Чараўніком.

Трыццаць гадоў, сам родам з Гомеля. Тэрмін — стандартная васьмёрка па частцы трэцяй артыкула 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў). Прывезлі Чараўніка з «тройкі» (ПК-3, Віцьба). Там ён актыўна выносіў мозг мусарам і нястомна страчыў скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі: ад ДВП да КДБ. Але мясцовай знакамітасцю на «тройцы» ён стаўся не дзякуючы гэтаму, а, вядома ж, дзякуючы сваім магічным актыўнасцям. Ён не толькі скупляў у зэкаў душы, але і лячыў хворых, вырабляў магічныя амулеты, загаворваў, падзараджаўся энергіяй ад дрэваў, якія раслі ў лакалцы, а аднойчы нават узяўся наводзіць порчу на зампаліта зоны. Чытаючы заклінанні, ён на вачах усяго атрада пачаў убіваць у ягоныя сляды васковыя цвікі. Паводле чутак і сведчанняў іншых зэкаў з «тройкі», менавіта апошняе і стала рэальнай прычынай яго адпраўкі на крытую.

На трайнікі Чараўнік прыцягнуў цэлую кучу эзатэрычнай літаратуры: «Спакушэнне нячыстай сілай» Арлова, «Практычную магію» Папюса, зборнік кніг Кастанэды, разнастайныя раздрукоўкі пра мантры і чакры… Усім гэтым ён ахвотна дзяліўся са мной: убачыўшы ўва мне чалавека, трохі знаёмага са сферай ягоных зацікаўленняў (я тады ўжо год займаўся ёгай, дый амаль усе кнігі Кастанэды прачытаў яшчэ раней), ён пачаў пасвячаць мяне не толькі ў тонкасці сваёй магічнай прафесіі, але і ў камерцыйныя планы. У іх уваходзіла, выйшаўшы на волю, сабраць секту, абвясціўшы сябе, натуральна, прарокам, прасветленым ці кімсьці гэткага кшталту, і вучыць сваіх адэптаў «баявой магіі». Натуральна, за немалыя грошы. Без хітрыкаў прапанаваў мне супрацоўніцтва, абяцаючы баснаслоўныя прыбыткі пры мінімальных выдатках. Я тактоўна адмовіўся.

Асвоіўшыся ў сваім маленькім калектыве, Чараўнік прыступіў да магічных эксперыментаў. У хаце 151 пачаліся сеансы спірытызму. Костас намаляваў на аркушы паперы магічнае кола з літарамі алфавіту, заляпаў яго сваёй крывёю і, прачытаўшы заклінанне, трымаў над цэнтрам кола іголку, якая ўказвала на літары, — такім чынам дух з адчыненага Костасам партала камунікаваў з ім, адказваючы на пытанні. Па просьбах сукамернікаў Чараўнік ахвотна выклікаў на камунікацыю душы іх памерлых сваякоў, ну а ў дапамогу сабе — разнастайных архангелаў. Калі з суседняй хаты сталі скардзіцца на форткі, што адчыняліся самаадвольна, і жорсткія кашмары па начах, Чараўнік паабяцаў «зачыніць партал».

Неўзабаве падышоў да канца наш час на каранціне. Спачатку я, потым Костас падняліся на корпус. Тут перад Чараўніком разгарнулася шырокае поле для дзейнасці.

Частка 2. Дарогі

Дарога — сродак зносінаў арыштантаў, на мове мусароў званы «міжкамернай сувяззю».

У турме бывае тры віды дарогаў: паветра, мокрая і кабура. Першыя дзве — гэта калі шляхам няхітрых інжынерных прыстасаванняў паміж камерамі нацягваецца вяроўка («конь») і з яе дапамогай праз вокны (па паветры) ці праз зліў каналізацыі (па мокрай) зэкі цягаюць шчыльна запакаваныя грузы і/або малявы. Але ў магілёўскай крытай асноўным сродкам зносінаў служылі кабуры — дзіркі ў сценах, столі ці падлозе, што дазвалялі звязвацца (працаваць) з суседнімі камерамі наўпрост. Прабіць кабуру у бетоннай сцяне ва ўмовах адсутнасці найменшага вартага металічнага інструмента, само сабой, займае неймаверную колькасць часу і сілаў, таму разумныя зэкі граматна маскіруюць кабуры і робяць усё, каб мянты іх не спалілі.

Ролю дарог і міжкамерных стасункаў арыштантаў у жыцці магілёўскай крытай цяжка пераацаніць. Штодзень у турме ў строга вызначаны час адбываліся чатыры спрацоўкі. Любы зэк мог напісаць любому: знайсці земляка, даведацца навіны з зоны, распытаць пра агульных знаёмых і г. д. Вязаныя маглі напісаць блатным з просьбай загнаць у хату «панеабходнаму» (чай-цыгарэты), патлумачыць нейкія моманты паняццяў ці зайсці і рассудзіць канфліктную сітуацыю ў камеры (нягледзячы на тое, што турэмны рэжым вымагае строгай ізаляцыі, блатныя карысталіся правам свабодна заходзіць у любыя камеры і чыніць у іх правасуддзе. Дзверы ім адчыняў асабіста старэйшы змены кантралёраў — карпусны).

Не меншае значэнне мае ў арыштанцкім побыце і малява. Як гучыць вядомае выказванне, «малява — твар арыштанта». Неабачліва ўжытае слова ў маляве можа прынесці ў крытай цэлы клубок прынцыпова невырашальных праблемаў, падвесці легкадумнага зэка пад жорсткае фізічнае пакаранне, абарваць кар’еру блатнога. Найбольш бывалыя крытчыкі не дазваляюць сабе ў малявах нават закрэсліванняў і выпраўленняў. Некаторыя кладуць у скручаную маляву вейку — каб адрасат ведаў, ці ўскрывалася яна па дарозе (блатныя практыкуюць такую перлюстрацыю дзеля кантралявання падазронай перапіскі вязаных).

«Што напісана пяром, таго не высечаш тапаром» — гэта пра малявы. У крытай вуснае і пісьмовае словы могуць як узвысіць, так і (што нашмат часцей) прынізіць таго, хто меў неасцярожнасць выпусціць іх у свет.

Чатыры разы на дзень зэк, які стаіць на дарозе, прымаў у сваю камеру і аддаваў з яе пошту — жмені маляваў, акуратна скручаных да памеру алоўкавага агрызка, шчыльна запакаваных у цэлафан папяровых капсул. Так, побач з яўным жыццём камерных калектываў, працякала, струменячыся рэгулярнымі плынямі па артэрыях-кабурах, таемнае эпісталярнае жыццё турмы.

Частка 3. Снегавы ком

Падняўшыся ў камеру № 124, Чараўнік з захапленнем заняўся сваім звыклым рамяством: здымаў порчу з сукамернікаў, лячыў іх, падвяргаў сеансам гіпнозу, прымушаў глядзець сабе ў вочы, абяцаючы, што пакажа ім «іхняга дэмана», і гэтак далей. Больш за тое, стаў набіраць сабе вучняў — не толькі ў сваёй камеры, але, з дапамогай дарогі, і па ўсёй крытай, — завабліваючы тым, што адзін з ягоных вучняў нібыта выступаў на «Бітве экстрасэнсаў».

Прапаноўваў стаць сваім вучнем і мне. Для гэтага трэба было ўсяго толькі ўчыніць пэўныя маніпуляцыі са сваёй крывёй і люстэркам (бо ён жа люстэркавы маг) і, вядома, прачытаць клятву на вернасць самому Костасу.

Я тактоўна адмовіўся.

Жадаючых жа па крытай знайшлося дастакова: Чараўнік праводзіў актыўнае ліставанне з многімі і яскрава распісваў неабмежаваныя цудадзейныя якасці, якімі будуць надзеленыя яго вучні, стаўшы, пад ягоным мудрым кіраўніцтвам, «баявымі магамі». Маладыя крытчыкі былі ў захапленні, прыносілі яму клятву на вернасць і дасылалі з малявамі плямы сваёй крыві.

Некаторы час з Чараўніком перапісваўся і я: быццам бы на трайніках жа камунікавалі. Праўда, неўзабаве ў яго малявах я стаў адчуваць нейкі падвох. Шчыпаючыся словамі: «Здаравенька, брацішка!» або «Здарова, друг!», усе яны нязменна станчаліся: «Каляя, загані, калі не цяжка…» (асадкі, алоўкі, стрыжні, паштоўкі, кагорты — словам, усё тое, што на крытай у дэфіцыце і што ў мяне, як ён ведаў, мелася). Пару разоў я, вядома, дзяліўся, але апетыты Чараўніка толькі раслі, маляваў жа без просьбаў матэрыяльнага характару не прыходзіла зусім, і хутка я згарнуў ліставанне да мінімуму: такая «дружба» мне была без патрэбы.

Неўабаве мне давялося на два тыдні зайсці ў хату № 124 і ўвачавідкі пабачыць жыццё Чараўніка ў калектыве і яго чараўніцкія практыкі. Трэба сказаць, арыштанцкае жыццё ішло ў яго не так паспяхова, як магічнае. Нягледзячы на наяўнасць вучняў, якіх ён прывабліваў сваім красамоўствам і казачнымі абяцаннямі, у цэлым у камеры на шэсць чалавек ён, хутчэй, быў прадметам насмешак і прычынай пастаянных канфліктаў. Непамерная балбатлівасць і выхвальба, пастаянныя касякі (то залье вадою тэлевізар, то ляпне штосьці неўпапад у прысутнасці блатных, а церпіць потым уся хата), нежаданне «жыць турмой» не рабілі Костасу аўтарытэту. Ён спрабаваў навярстаць гэты рэсурс расповедамі пра сваю ўсёмагутную бабку, пра свае няздымныя пракляцці і пра тое, як яго аднойчы ў Гомелі пабілі два нядобразычліўцы і абодва неўзабаве трагічна загінулі. Атрымлівалася слаба. Затое з заходам у камеру новых людзей (мяне і яшчэ пары пацаноў) напоўніцу праявілася ягоная камерцыйная жылка. Раней ён даймаў сукамернікаў размовамі пра сваю будучую свінаферму, якая была паклікана азалаціць яго ў лічаныя гады, і нават знайшоў для гэтага бізнесу партнёраў проста ў хаце. А цяпер, выведаўшы пра тое, што ў майго сукамерніка, з якім мы разам часова перасяліліся ў 124-ю, ёсць нейкая нерухомасць на вёсцы, прапаноўваў перапісаць яе на сябе ў абмен на дараванне магічных здольнасцяў. Чамусьці вырашыўшы, што і я — уладальнік шматкаштоўнай маёмасці, ён прапаноўваў мне аддаць яму ўсё і атрымаць наўзамен амулет, з якім стане даступным ажыццяўленне любых жаданняў. Любых! Пытанне, чаму ж ён не зробіць сабе такі амулет і, напрыклад, не выйдзе з турмы, так і павісла ў паветры.

У хуткім часе пасля майго вяртання ў ранейшую камеру адносіны з сукамернікамі ў Костаса абвастрыліся, і яму прыйшлося пераехаць у іншую. Гэтаму папярэднічаў заход у 124-ю камеру блатных, якія правялі з Чараўніком прафілактычную гутарку і афіцыйна наклалі яму забарону на чараўніцтва.

Але і ў новай, 120-й камеры Чараўнік прабыў нядоўга. Спрабуючы паказаць з сябе больш, чым ён ёсць, не прыжыўся ў калектыве, і яму далі зразумець, што пара шукаць сабе іншую хату. Тут варта заўважыць, што ў крытай, як і ў камернай сістэме ў цэлым, частыя пераезды з хаты ў хату скрайне негатыўна адбіваюцца на рэпутацыі зэка: лічыцца, што калі не змог прыйсці да ўзаемаразумення з адным калектывам, то не зможаш і з іншым. Кожная пройдзеная хата, такім чынам, павялічвае негатыўны рэпутацыйны багаж зэка.

Новым прыстанкам Чараўніка стала камера нумар 123 — адна з самых вялікіх на корпусе. Яна лічылася своеасаблівым адстойнікам, куды блатныя выпраўлялі сядзець тых, хто не ўжыўся ў іншых хатах, крытчыкаў «з адступленнямі» («фуфлыжнікаў», «крыс» і да т. п.), недалёкіх і не вельмі адэкватных зэкаў, а таксама тых, хто не мог «надаваць увагу ў агульнае» (гнаць блатным перадачы з чаем, цыгарэтамі ды інш.). Псіхалагічны клімат у такіх хатах быў адпаведны кантынгенту: напружаны, нядобры — агрэсіўнае, нават па мерках крытай, асяроддзе. Кожны сам за сябе.

Блатныя, як я пісаў, ладзілі перыядычныя абходы камераў, праведваючы сваіх вязаных падапечных, або казлоў, як яны іх часцей паміж сабой клікалі. У часе такіх абходаў хатам, якія мелі патрэбу, разносілася неабходнае (чай і цыгарэты), даводзіліся важныя весткі і новаўводзіны, даваліся ўстаноўкі аб тым, як паводзіць сябе з мусарамі, і, вядома, вяршылася правасуддзе: разбіраліся канфлікты, з тых, хто накасячыў, спаганялі фізічна ці рабілі строгае ўнушэнне. І, безумоўна, для нахабных, самаўпэўненых блатных такія абходы былі магчымасцю ў чарговы раз узвысіць сябе над вязанымі. Трое-чацвёра валацугаў развязнай хадою, у дарагіх вольных шмотках (у той час як усе былі абавязаныя насіць форменную робу), з самазадаволеным выглядам без папярэджання ўваходзілі ў камеру, перарываючы яе звыклы рытм жыцця, тут жа раздаючы здзеклівыя заўвагі ўсім, каму лічылі патрэбным. Запярэчыць ім нешта, адказаць альбо ўступіць у спрэчку ніхто не наважваўся. Найменшая спроба паставіць сябе на адзін узровень з блатнымі вяла, у лепшым выпадку, да нагадвання аб тваім статусе, у горшым — да ўдару па твары, таму большасць зэкаў кідаліся тут жа варыць гарбату ды даставаць з шафак адмыслова адкладзеныя на выпадак прыходу братвы цукеркі і дарагія цыгарэты. Блатныя бачылі, што іх баяцца, і гэта яшчэ больш падымала іх ва ўласных вачах.

У адзін з такіх абходаў, вясной 2014-га, блатныя зайшлі ў хату нумар 123. Чараўнік тады закусіўся з мусарамі і адбываў свае дзесяць сутак у падвале ШІЗА. У ходзе камунікавання блатныя — тонкія псіхолагі — хутка прыкмецілі: у хаце штосьці не тое. Недагаворкі. Запужаныя перагляды, дзіўныя адценні інтанацыяў не схаваліся ад іхняе ўвагі. Кубак чыфіру, што хадзіў па коле, не здымаў напружанасці. «Смотрящий» за турмой, Вова Лысы, вырашыў, што называецца, «прабіць паляну» напрасткі:

— У вас наогул… у хаце ўсё нармальна?

— Так, так, усё нармальна! — таропка заківалі вязаныя.

Але веры ім, вядома ж, няма. Нешта хаваюць.

— Разуменне прысутнічае?! — спадылба пазіраючы ў спужаныя вочы, паўтарае Лысы.

— Усё нармальна, Вова, усё нішцяк! — ківаюць зэкі, ужо разумеючы, што недзе быў дапушчаны пракол.

Тут улазіць Мартын, адзін з нядаўна заехаўшых у хату:

— Ды ў цэлым нармальна ўсё, на должным. Але ўвогуле разумення ў хаце не стае.

«Ну нарэшце», — напэўна, падумаў у гэты момант Лысы. Але Мартын не хоча тлумачыць, што ён мае на ўвазе, — баіцца. Тут жа падручны Лысага, Шара, пераводзіць Мартына ў іншую камеру, дзе той дае ўвесь расклад: у калектыве на 12 чалавек вылучыўся найбольш нахабны — Браканьер, заласуднік з 25 гадамі тэрміну. Хата й раней жыла, разбіўшыся на варагуючыя групкі, але ён парушыў і гэтую хісткую раўнавагу. Сабраўшы вакол сябе невялікую кучку сабе падобных, ён стаў адстойваць свае інтарэсы кулакамі і нагамі, збіваючы сукамернікаў пад рознымі падставамі: то шмат хлеба з’еў, то выказаўся не так. Да блатных гэтыя выпадкі не даносіліся — ці то па агульнай дамоўленасці, ці то з-за страху перад Браканьерам, хоць, згодна з усімі пастановамі братвы, пра падобнае мелася паведамляцца неадкладна. Так яны і жылі, б’ючыся за пайку і баючыся таго, у каго кулак большы. Зразумелая справа, такі стан рэчаў для блатных быў непрымальны. У зладзейскай сістэме, гэтак жа, як і ў дзяржаўнай, манаполія ўлады на гвалт ёсць момантам прынцыповым. Згодна з паняццямі, блатныя могуць біць вязаных, а вязаныя адзін аднаго — не.

Шара вяртаецца ў 123-ю, Лысы адтуль і не сыходзіў. Браканьера б’юць і выкідаюць з хаты на прадол.

На наступны дзень расследаванне працягваецца. Чараўніка тузаюць з ШІЗА ў камеру на першым паверсе. Даюць гарбаты, частуюць шакаладам. Бы незнарок Лысы цікавіцца, як яны жылі ў 123-й хаце.

— Нармальна жылі, усё клас, — адказвае, не чуючы падвоху, Чараўнік.

— Дакладна ўсё нармальна? — удакладняе Лысы. — А можа, былі праблемы якія?

— Ды не, Вова, не было праблем! Усё як звычайна! — працягвае Чараўнік тапіць сам сябе.

Але ў кічы фізічнае спагнанне забаронена паняццямі. Пасля сканчэння тэрміну ў ШІЗА Чараўніку даюць яшчэ пару дзён «на раскумарку» і, зноў прыйшоўшы ў 123-ю, даюць яму па твары з фармулёўкай «за падман братвы». Тут бы яму і супакоіцца, але, відаць, цалкам паверыўшы ў тое, што найвышэйшыя сілы яму спрыяюць, ён працягвае сваю гульню і піша маляву былому сукамерніку Мартыну (той ужо ў іншай хаце): чаму ты даў блатным увесь расклад, нашто зліў Браканьера, была ж дамоўленасць маўчаць? Мартын не разгубіўся, атрымаўшы маляву, і з усіх варыянтаў выбраў самы бяспройгрышны. Акуратненька закруціў яе ды выслаў блатным.

Лысы са сваімі набліжанымі доўга і старанна ўтоптвалі Чараўніка ў дашчаную падлогу 123-й камеры, выбілі два зубы і прымусілі з’есці злашчасную маляву. Вышэйпамянёны Шара так стараўся, лупіўшы ўдвая меншага па памерах Чараўніка, што парваў у працэсе красовак. Зрэшты, неўзабаве Костас, замольваючы свае грахі перад братвой, загнаў Шары ў перадачы пару новага абутку. То бок, вядома, сказаў сваім бацькам — і яны загналі.

Вызваліўся Костас Саркісян у траўні 2015 года і, наколькі ведаю, да самага вызвалення больш не чараваў.

Эпілог

З маленства і да самай смерці ўсё добрае, гарманічнае і праўдзівае, што ёсць вакол нас, дыктуе нам простыя і даступныя правілы чалавечага агульнажыхарства: не хлусі, не пажадай чужога, не хітры, не скарыстоўвай іншых людзей як інструменты. Агулам кажучы, абыходзься з іншымі так, як хочаш, каб абыходзіліся з табой. Пра тое ж цвердзяць літаральна ўсе сусветныя рэлігіі. Кожны з нас у большай ці меншай ступені парушае гэтыя правілы: неабходнасць выжываць сярод недасканалых людзей змушае ісці на кампрамісы з сумленнем. Аднак калі падман і карыслівасць робяцца цэнтральнай воссю, вакол якой круціцца ўся твая жыццядзейнасць, раней ці пазней ты непазбежна заблытаешся ў павуцінні ўласнай ілжы ды прыйдзеш да вельмі нешчаслівага канца. Не ў міфічным пекле — а тут, у гэтым жыцці. І той снегавы ком, які на цябе абрынецца, часцяком будзе знешне аніяк не знітаваны з тваімі ўласнымі ўчынкамі. «Шляхі Гасподнія неспавядзімыя», — скажа на гэты конт хрысціянін. «Ды проста не фартанула, ёпт», — скажа недалёкі злодзей. Але калі-небудзь, я ўпэўнены, вучоныя знойдуць тлумачэнне таму, чаму нашыя ўчынкі і нават намеры, зрабіўшы неспасцігальнае кола па нітачках сацыяльных сувязяў, нязмушана адштурхнуўшыся ад учынкаў і намераў іншых людзей, вяртаюцца да нас з патроенай сілай: мілымі падарункамі лёсу, калі першапачаткова былі добрымі, ці жорсткімі яе карамі, калі з самага пачатку неслі помслівасць, здобу і карысталюбства. А яшчэ, думаю, яны растлумачаць, чаму ў звычайным жыцці цыкл гэтага кола можа займаць дзесяцігоддзі, а ў некаторых — сапраўды зачараваных — месцах ён вершыцца з ашаламляльнай хуткасцю.


Я знайшоў Чараўніка «УКантакце» праз год з невялікім пасля вызвалення. На аватарцы — «загадкавая» карцінка з магам у стылі фэнтэзі. У статусе: «ЗА ДЕНЬГИ НЕ КОЛДУЮ!!! УЧЕНИКОВ ВЫБИРАЮ САМ!!!» Напісаў яму.

«Здарова, братка!» — піша ў адказ. «Як ты? Як здароўе, друг?» — ліслівыя эпітэты сыпаліся адзін за адным. «А дзе ты жывеш? А вось мой тэлефон, давай стэлефануемся!» — камунікатыўнасць проста зашкальвала. Пагаварылі пра крытую, пра агульных знаёмых, пра тую гісторыю. З яго словаў, спагналі з яго тады не за падман, а за чараўніцтва супраць турэмнага зампаліта (намесніка начальніка па выхаваўчай частцы), калі той выпісаў яму суткі ШІЗА. Чараўнік працягнуў да яго руку са словамі: «Будзь ты пракляты пракляццем сатаны. Няхай усе твае дзеці нараджаюцца мёртвымі!» — зампаліт Уладзіміравіч неадкладна пабег скардзіцца блатным, і тыя білі Костаса са словамі: «Будзеш яшчэ чараваць?!!»

Зрэшты, неўзабаве маг перавёў гутарку на больш прагматычныя рэйкі і распавёў мне, что зараз жыве ў Маскве і хоча заснаваць фірму па зняцці ўсіх грахоў з душаў. Поўнае «абязгрэшванне» адной душы будзе каштаваць 20 000 еўра, затое эфект проста ашаламляльны: на душы ніводнага граху, яна становіцца чыстай, як сляза немаўляці! Але Масква — толькі стартавая кропка бізнесплана. Ён зробіць філіі па краінах СНД, сам жа будзе сядзець у Еўропе ды грабці бабкі, а працаваць будуць ягоныя вучні, баявыя магі. «Усе, хто возьме ўдзел з самага пачатку, максімум на працягу года, стануць мільянерамі ў даляравай дэнамінацыі!» — пазней пісаў ён мне. Для запуску праекта Костасу не хапала адной толькі дробязі: стартавага капіталу (сам маг працаваў вартаўніком, жыў у сваякоў) — нешта каля 5000 даляраў. На маё недаўменнае пытанне, чым жа я магу яму ў гэтым дапамагчы, калі жыву на стыпендыю і журналісцкую падпрацоўку, ён адказаў не менш здзіўлена:

— Ну вас жа там вашыя палітолагі спансіравалі!

Мае спробы давесці, што палітолагі не спансіруюць анархістаў, ён выслухаў з густым недаверам у поглядзе і яшчэ настойліва параіў мне падумаць і ўкласціся ў ягонае прадпрыемства, бо ж мільянерам можна стаць «максімум на працягу года!».

Я тактоўна адмовіўся.

ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама

30.03.2017 — 07.04.2017


Жыццё цудоўнае


  1. На дадзены момант у Беларусі дзейнічае тры крытыя: у Магілёве (турма № 4), у Жодзіне (турма № 38) і ў Гродне (турма № 1). Ва ўсіх трох установах таксама ёсць СІЗА. ↩︎