Жыве Беларусь!

Спіс скарачэнняў і жарганізмаў


БМ

Бяспечнае месца. Камера, звычайна ШІЗА ці ПКТ, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія не могуць утрымлівацца з агульнай масай зэкаў. Звычайна гэта тыя, што рабілі нейкія несамавітыя ўчынкі: кралі, не расплаціліся па доўгу і гэтак далей, але часта і ахвяры мянтоўскіх правакацый. Згодна з КВК, любы асуджаны можа быць пераведзены ў бяспечнае месца пасля пісьмовай просьбы.

Баландзёр

Супрацоўнік гаспадарчай абслугі, зэк, які разносіць ежу тым, хто сядзіць у камерах ШІЗА, ПКТ, крытай.

Вертухай (продольный)

Турэмны наглядчык, кантралёр.

Вязаныя

Асуджаныя, якія, прыбыўшы ў лагер, падпісалі паперу аб тым, што яны абавязуюцца «добра сябе паводзіць», не парушаць правілы і стаць на шлях выпраўлення. Падпісваюць 99 % арыштантаў.

ДВП

Дэпартамент выканання пакаранняў. Структура МУС, адказная за ўсе карныя ўстановы Беларусі.

«Двушкі»

Цыгарэты сярэдняй цэнавай катэгорыі, напрыклад «Карона», «Мінск». Па лагерных расцэнках, два пачкі «двушак» — гэта адзін пачак сіняга «Вінстана».

ДПНК

Дзяжурны памочнік начальніка калоніі.

Афіцэр, адказны за шэраг адміністрацыйных спраў у зоне: пасяленне ці вывад з ШІЗА, прыём этапаў, вывад на прамысловую зону і гэтак далей. Яшчэ яго называюць «ночной хозяин», паколькі ён цалкам кіруе калоніяй ноччу, калі адсутнічае начальнік калоніі.

Заласуднік

Зэк, які атрымаў часткай свайго тэрміну турэмны рэжым і накіраваўся адбываць яго проста з залы суда. Асуджаныя па асабліва цяжкіх артыкулах у шэрагу выпадкаў па прысудзе суда да пяці гадоў праводзяць у турэмнай камеры і толькі потым накіроўваюцца ў калонію (арт. 57 КК).

Заўхоз

Казёл, прызначаны адміністрацыяй для кантролю над зэкамі ў якой-небудзь сферы (напрыклад, заўхоз каранціна, атрада, прамзоны). Як правіла, гэта асуджаны з вялікім тэрмінам.

ІЧУ

Ізалятар часовага ўтрымання. Месца, дзе вязень знаходзіцца ў стане падазронага да этапавання ў следчы ізалятар (СІЗА).

Казлы (козлы — в русских текстах)

Асуджаныя, якія адкрыта супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі. У іх абавязкі ўваходзіць кіраваць іншымі зэкамі, трымаць іх у паслушэнстве, даносіць на іх мянтам і гэтак далей. Таксама «казламі» лічаць гаспадарчую абслугу турмы (сантэхнікаў, электрыкаў, зэкаў, што працуюць на кухні).

Кармушка

Фортка ў дзвярах камеры, праз якую арыштантам падаецца ежа і адбываецца большасць гутарак паміж арыштантам і адміністрацыяй.

КВК

Крымінальна-выканаўчы кодэкс.

Кешарка

Месца захоўвання асабісты рэчаў арыштанта.

Кліфт

Верхняе адзенне арыштанта. Афіцыйна называеца «куртка хэбэ».

Конь

Асуджаны, які выпаўняе ролю слугі ў іншых асуджаных за цыгарэты ці гарбату. Часта — у якасці адпрацоўкі картачнага доўгу.

Крыса

Асуджаны, які краў у іншых асуджаных.

Крытая

Асобная турма ці яе корпус, якая выкарыстоўваецца для ўтрымання асуджаных, што рэгулярна парушалі рэжым у калоніях; выкарыстоўваецца таксама для прэсінгу «непажаданых» асуджаных: крымінальнікаў, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца мянтоўскім парадкам, палітычных вязняў, а таксама вязняў, што скардзяцца ў дзяржустановы на ўмовы ўтрымання. У «крытую» адпраўляюць на тэрмін да трох гадоў па рашэнні суда.

Мойка

Лязо ад бяспечнага станка для галення. Вельмі вострая палоска сталі прыкладна нуль цэлых пяць дзясятых на чатыры сантыметры.

Певень (обиженный, опущенный, гребень)

Ніжэйшая каста ў нефармальнай турэмнай іерархіі, «недатыкальны».

ПК

«Папраўчая» калонія (бяру слова «папраўчая» ў двукоссі, бо насамрэч гэтыя калоніі выконваюць не папраўчыя, а карныя мэты), яна ж лагер.

ПКТ

Памяшканне камернага тыпу, камеры для парушальнікаў рэжыму ўнутры калоніі. Звычайна тая ж камера, што і ШІЗА, але ў ёй арыштанту дазволена болей асабістых рэчаў: лісты, кнігі, часопісы, большая колькасць адзення, пакупкі ў лагернай краме і гэтак далей. У ПКТ змяшчае начальнік калоніі на тэрмін да шасці месяцаў.

Прадол

Турэмны калідор, па абодва бакі якога знаходзяцца камеры.

ПУ

«Папраўчая» ўстанова.

ПУР

Правілы ўнутранага распарадку. Пастанова МУС, якая падрабязна пералічвае, што можна і чаго нельга рабіць арыштанту.

Рэжымнікі

Супрацоўнікі рэжымнага аддзела ПУ, сочаць за выкананнем зэкамі Правілаў унутранага распарадку, праводзяць вобыскі і гэтак далей.

СІЗА

Следчы ізалятар. Турма, у якой знаходзіцца вязень у стане абвінавачанага — да вынясення прысуду. Пасля вынясення прысуду вязень накіроўваецца адбываць тэрмін у калонію.

Хата

Камера.

ШІЗА (кіча)

Штрафны ізалятар. Камеры для парушальнікаў рэжыму ўнутры калоніі. У ёй забаронены ўсе асабістыя рэчы, адсутнічае матрац для сну, прагулкі. У ШІЗА змяшчае начальнік калоніі на тэрмін да дзесяці сутак.

Шмон

Вобыск.


ШІЗА