Жыве Беларусь!

Недатыкальныя ў турэмнай іерархіі


Тэма турэмнай каставай сістэмы пастаянна падымаецца ў СМІ, асабліва ў тых, што пішуць пра палітычных зняволеных. Аднак амаль усе, хто піша на гэтую тэму, ведаюць аб прадмеце ў лепшым выпадку з расповедаў былых сядзельцаў, у горшым — з распаўсюджаных у грамадстве стэрэатыпаў. Як вынік, часта мае месца мноства грубых памылак і ўвядзенне чытачоў у зман. Менавіта таму я вырашыў напісаць гэты артыкул, мэта якога — праліць святло на некаторыя аспекты такой складанай і шматскладнікавай з’явы, як нефармальная іерархія ў турмах Беларусі. На гэтую тэму напісаныя не тое што артыкулы (ru.wikipedia.org/wiki/Тюремные_касты_в_странах_бывшего_СССР), але нават цэлыя навуковыя працы. І вядома, я не імкнуся ў межах аднаго артыкула разгледзець усю з’яву ў яе разнастайнасці. Гаворка пойдзе галоўным чынам аб адной турэмнай касце, існаванне якой вельмі моцна характарызуе сістэму агулам і веды пра якую крытычна важныя для любога, хто трапляе ў беларускую турму, асабліва палітзняволенага. Гэта так званыя пеўні — «петухи» («обиженные», «опущенные», «гребни» і г. д.). Разгледзець гэтую тэму ў адрыве ад усёй турэмнай сістэмы, не паглыбляючыся ў дэталі арганізацыі карнага апарату і сацыяльных роляў кожнай з турэмных кастаў, дастаткова цяжка. Але ўсё ж паспрабую.

Такім чынам, з гэтага тэксту вы даведаецеся:

- як з’явілася каста апушчаных у турмах;
- якім чынам у яе трапляюць;
- якое становішча гэтых людзей у турме і на зоне (у папраўчай калоніі);
- якія функцыі выконваюць гэтыя людзі ў месцах пазбаўлення волі;
- чаму існаванне гэтай касты жыццёва важнае супрацоўнікам адміністрацыі папраўчых установаў.\

Скончу я шэрагам парадаў мужчынскай частцы чытачоў, бо для любога мужчыны, які жыве ў Беларусі, веды пра турму лішнімі не будуць, асабліва калі ён займаецца пратэставай актыўнасцю.

Як з’явілася каста пеўняў

Пачнём з экскурсу ў гісторыю. Каста г. зв. пеўняў традыцыйна асацыюецца з гомасексуальнасцю. І калі падыходзіць з гэтага пункту гледжання, то ўсё проста: праявы гомасексуальнасці ў месцах пазбаўлення волі былі заўсёды — і ў царскіх турмах, і ў ГУЛАГу. З прычыны скрайне мачысцкага і гамафобнага характару турэмных паняццяў і арыштанцкай субкультуры становіцца ясна, чаму гомасексуал у турме аўтаматычна заносіцца ў ніжэйшую касту апушчаных — мачызму ўласціва пагарда да ўсяго жаночага, абрынання жанчынаў да ўзроўню недалюдзей, істотаў, што не маюць права на ўласную волю. Гэтае стаўленне пераносіцца і на гомасексуалаў. Уласна гомасексуалы — гэта меншая частка касты «пакрыўджаных», у яе ўваходзіць вялікая колькасць людзей, якія здзейснілі ўчынкі супраць нефармальнага турэмнага закону — «паняццяў».

І тут варта адзначыць, што пеўні як каста са строгімі законамі ўваходу ў яе і выхаду (дакладней, немагчымасці выхаду) з’явілася не так даўно. Яна, напрыклад, не была ўласцівая царскім турмам і турмам ГУЛАГа. Мяркуючы па тых крыніцах, якія чытаў я, з’яўленне касты турэмных недатыкальных (у якую і ўваходзяць гомасексуалы) адносіцца да познесавецкага перыяду. Шэраг даследчыкаў лічыць, што з’яўленне касты зняволеных, да якіх нельга датыкацца рукамі, ёсць своеасаблівай рэакцыяй зладзейскага свету на «сучыную вайну» (shalamov.ru/library/6/6.html) — каб захаваць сябе, зладзеям было неабходна выдумаць альтэрнатыўны забойству спосаб пакарання тых, хто завінаваціўся. Іншыя пішуць, што гэта стала рэакцыяй на перапаўненне следчых ізалятараў: у варунках скучанасці і знаходжання на вачах у сукамернікаў у рэжыме 24/7 найбольш эфектыўным і жорсткім відам пакарання будзе з’яўляцца ўсеагульная пагарда і астракізм, экстрэмальная форма ігнаравання.

Пра масці: невялікі лікбез

Гістарычна ў крымінальным свеце існуе толькі тры масці (або лады жыцця): злодзей, мужык, певень. Па гэтых прыступках можна спускацца ўніз, ад вышэйшай (злодзей) да ніжэйшай (певень). Уверх падняцца нельга. У сучаснай крымінальнай субкультуры ў Беларусі зняволеныя падзяляюцца на трохі іншыя касты, а менавіта: блатны («бродяга», «порядочный»), мужык, казёл, певень.

Блатныя — гэта прафесійныя злачынцы, якія жывуць злачынным промыслам на волі. Іхняя задача — прасоўваць «зладзейскую («воровскую») ідэю», дзе б яны ні знаходзіліся, наладжваць «чорны ход» (садзейнічаць карупцыі супрацоўнікаў адміністрацыі, пераводзіць жыццё арыштантаў з рэчышча афіцыйных правілаў і ўстановак у рэчышча зладзейскіх паняццяў) і г. д. Згодна з паняццямі, толькі яны маюць права перавесці зэка ў касту апушчаных. Аднак з-за таго, што далёка не ва ўсіх беларускіх калоніях ёсць блатныя («зладзейскі рух» Беларусі наогул знаходзіцца ў стане скрайняга заняпаду), гэтага правіла не прытрымліваюцца і ў пеўні пераводзіць хто папала: аператыўнік, казёл, а то і проста мужыкі пасля калектыўнага рашэння.

Мужыкі — асноўнае насельніцтва турмы. Мужык нікуды не лезе, ходзіць на работу, нічым не цікавіцца, апроч таго, як сысці на УДВ. Знаходзіцца пад «перакрыжаваным камандаваннем» адразу некалькіх сілаў: блатных (калі яны ёсць), казлоў і адміністрацыі ПУ.

Казёл (актывіст) — зняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй адкрыта. Гэта зэк, як правіла, з вялікім тэрмінам, якога адміністрацыя ставіць на пасаду і дае сякую-такую ўладу над іншымі зэкамі. Наколькі вялікая гэтая ўлада, залежыць ад ступені гультаістасці супрацоўнікаў ПУ. Мне вядомыя выпадкі, калі казлы складалі на іншых зэкаў акты аб парушэннях, супрацоўнікі ж адміністрацыі іх толькі падпісвалі. Часта казлам дазваляюць біць іншых арыштантаў для падтрымкі субардынацыі. І, вядома, цалкам афіцыйна ў абавязкі казлоў уваходзіць даносіць на іншых зняволеных. У ПК-17 (Шклоў), напрыклад, адзін казёл мне шчыра прызнаўся: «Мне мусары сказалі за табой глядзець». Яшчэ як мінімум двое не прызнаваліся, але «работу» сваю выконвалі дужа актыўна. У маёй дысцыплінарнай справе аб адпраўцы на турэмны рэжым (крытую) ляжаць пісьмовыя паказанні майго суседа па пакоі, у якіх падрабязна запісана, як мяне прывялі ў барак, як я сябе паводзіў, з кім стасаваўся, з кім спрачаўся, на якія тэмы выказваўся і г. д.

Ёсць нюанс

Гаворачы пра касту пеўняў, абавязкова трэба сказаць, што, акрамя яе, існуе адна сумежная падкаста — так званыя «отсаженные до выяснения», тыя, хто знаходзіцца «на кружцы». Тлумачу, у чым сутнасць: дапусцім, супраць чалавека выставілі падазрэнне ў тым, што ён, да прыкладу, меў гомасексуальныя кантакты на волі. Але важкіх доказаў гэтаму падазрэнню няма, ёсць толькі чуткі. У такім выпадку, пакуль не назбіраюцца пацвярджэнні або абвяржэнні гэтага абвінавачвання, чалавек знаходзіцца «на кружцы»: ён есць асобна ад астатніх і толькі са свайго посуду (адсюль і фраза: «адсадзіць на кружку»), У такім становішчы чалавек можа знаходзіцца гадамі, да тае пары, пакуль блатны (казёл, або нават аператыўнік — у залежнасці ад установы) не пацвердзіць абвінавачванне — (г. зн. перавядзе яго канчаткова ў касту пеўняў) альбо не абвергне яго (г. зн. перавядзе афіцыйна ў касту мужыкоў). Становішча такога чалавека «на кружцы» вельмі блізкае да становішча пеўня, але не роўнае яму. Ён не можа піць гарбату з іншымі зэкамі і не мае права голасу, аднак назваць яго пеўнем ніхто не мае права. І гэта адзіны выпадак, калі можна перавесціся з ніжэйшай касты ў вышэйшую. Зэк «на кружцы» знаходзіцца як бы на каранціне — дзеля пазбягання фізічных кантактаў з іншымі асуджанымі: раптам ён певень і гэтымі кантактамі «зашкварыць» астатніх? Бо той жа, хто, напрыклад, папіў гарбаты з адсаджаным, сам аўтаматычна становіцца такім. У астатніх выпадках адсаджаны ці чалавек «на кружцы» роўны паняццю «певень», і трапіць у гэтую катэгорыю вельмі проста.

Якім чынам становяцца пеўнямі

Ідзём далей. Вось вам вычарпальны спіс выпадкаў, у якіх чалавека пераводзяць у касту «пакрыўджаных» («в петушатню», «в гарем»):

Пасіўны гомасексуалізм

Чалавек, які прызнаўся ў гомасексуальных кантактах, навечна атрымлівае ярлык «певень», «підар» і да т. п. Актыўны гомасексуалізм пры гэтым лічыцца нормай і ўвогуле не залічваецца да гомасексуалізму. Хоць варта адзначыць, што ў апошнія гадоў дзесяць і гэтае паняцце стала змяняцца — да тых, хто мае сексуальныя кантакты з пеўнямі, у зоне ставяцца насцярожана. Сам я неаднойчы чуў меркаванне, маўляў, «якая розніца, “хто каго”, — і той, і той підар». Аднак, вядома, актыўнага гомасексуала ніхто пеўнем назваць не мае права.

Любыя нетрадыцыйныя сексуальныя кантакты з жанчынай

Калі зэк прызнаецца, што рабіў дзяўчыне кунілінгус альбо яна рабіла яму мінэт, а пасля ён з ёю цалаваўся/еў/піў з аднаго посуду, — ён певень. Натуральна, даведацца пра гэта супраць волі самога чалавека амаль нерэальна, таму ў большасці выпадкаў людзі трапляюць у «петушатню» пасля сваіх шчыраванняў. Трэба разумець: ніхто не мае права ні пагрозамі, ні хітрасцю распытваць вас пра ваша сексуальнае жыццё. Аб гэтым, дарэчы, у 1990-я быў адмысловы прагон (малява, што ўтрымлівае прававое новаўвядзенне) ад зладзеяў у законе, якія такім чынам спрабавалі змагацца з празмернай колькасцю пеўняў у зонах. У некаторай ступені з падобнымі праблемамі спрабуюць змагацца і супрацоўнікі ПУ. Напрыклад, у жодзінскай турме перад тым, як увесці чалавека ў камеру, з ім размаўляе аператыўнік і навучае: «Запомни: х*й не сосал, п*зду не лизал!»

Сюды ж варта аднесці стасункі з гомасексуалам па волі. Калі нехта раптам абмовіцца, што ягоны сябар — гей, то гэтага чалавека самога імгненна вызначаць у пеўні.

Любыя кантакты з калам/мачой і змесцівам сметніц

Чалавек, абліты мачой, або той, які соваў рукі ва ўнітаз, аўтаматычна становіцца пеўнем. Таму, напрыклад, сантэхнікі на большасці зонаў лічацца адсаджанымі. Прыкладам можа стаць адзін дастаткова вядомы выпадак у ПК-5 (Івацэвічы). У адным з атрадаў быў заўхоз (галоўны казёл атрада), які доўга і ўпарта даставаў аднаго хлапчука, усяляк здзекуючыся з яго і трэціруючы. Той, у адместку, проста на ранішняй праверцы, набраўшы банку мачы, абліў яго перад усім шыхтом. Натуральна, хлопца збілі і пасадзілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Лёс заўхоза, па ідэі, быў прадвызначаны, аднак у справу ўмяшаліся аператыўнікі, для якіх, відаць, той быў каштоўным кадрам. Яны абвясцілі зэкам, што заўхоза аблілі… зялёнай гарбатай. А хто будзе гаварыць, што ён певень, будзе збіты. Скончылася ўсё тым, што з заўхозам усё роўна амаль ніхто не меў стасункаў. Хлопца ж таго перакінулі на іншую зону.

Таксама я асабіста ведаў пеўня, які трапіў у сваю касту за тое, што яго падчас бойкі на малалетцы ўдарылі галавой аб унітаз.

Што датычыцца змесціва сметніц, то гэтым шляхам трапляюць у касту пеўняў тыя, хто празмерна хоча курыць ды шукае там бычкі. Сюды ж варта аднесці такія выпадкі, як ненаўмысны дотык да чыіх-кольвечы геніталіяў напрыклад, у людзей, што паслізнуліся ў лазні.

Дзеля праўды, варта сказаць, што для людзей з хваробай часам (у залежнасці ад адэкватнасці тых, хто мае права вырашаць) робіцца выключэнне. Напрыклад, калі ў чалавека нетрыманне мачы, яго не перавядуць у пеўні.

Выкананне любой пеўневай працы

Строга пеўневымі відамі работ лічыцца прыбіранне туалетаў (гэта адносіцца да калоніі; у СІЗА/крытай турме мыць прыбіральню ў сваёй камеры можа любы асуджаны), у некаторых зонах — яшчэ і ўмывальнікаў, а таксама вынясенне смецця. Выкананне гэтых дзеянняў аўтаматычна перанакіроўвае чалавека ў касту пеўняў.

Вось вам прыклад, які адбыўся ў ПК-15 (Магілёў) у маё знаходжанне там. Мужык стаяў на праверцы. Раптам яго прыпёрла — вельмі захацелася ў прыбіральню. Ён пабег што ёсць сілы, але не дабег — абгадзіўся, не дайшоўшы да ўнітаза. Будучы, відаць, чалавекам сарамлівым і сумленным, вырашыў за сабою прыбраць. Узяў швабру, анучу… Гэта ўбачыў нехта з зэкаў і паклікаў заўхоза, што называецца, у сведкі. Заўхоз прыйшоў і засведчыў пераход чалавека ў пеўні.

Нефармальная норма недапушчальнасці прыбіранняў туалетаў вельмі зручная для супрацоўнікаў ПУ, калі трэба пасадзіць якога-небудзь зэка ў ШІЗА (штрафны ізалятар). У кожным атрадзе існуе афіцыйны графік прыборак які не ўлічвае, зразумела, каставую сістэму. Пры гэтым усе ў курсе, што туалет прыбіраюць толькі пеўні. Палітзняволенага Ігара Аліневіча шмат разоў саджалі ў ШІЗА за адмову прыбіраць туалеты. Натуральна, любы зэк у здаровым розуме пагодзіцца лепш адседзець колькі заўгодна сутак у малюсенькай халоднай каморы і без асабістых рэчаў, чым стаць пеўнем. Супрацоўнікі ПУ гэта цудоўна ведаюць і з задавальненнем карыстаюцца такой зручнай прыладай для прэсінгу няўгодных.

Аналагічны выпадак адбыўся са мной у ПК-9 (Горкі). Калі я ў чарговы раз адседзеў у штрафным ізалятары, да мяне неўзабаве падышоў начальнік атрада і сказаў, што сягоння я па графіку прыбіраю ўмывальнік і выношу смецце. Яшчэ раней я пацікавіўся і даведаўся, што ў гэтай зоне прыбіраць рукамыйнікі можна толькі пеўням. Відаць, начальнік атрада думаў, што я гэтага не ведаю і зараз пайду чысціць умывальнік, таму ва ўрачыстай абстаноўцы, сабраўшы палову адміністрацыі калоніі і мясцовых казлоў у сведкі, ён паказаў мне на швабру і анучу, прапанаваўшы выканаць «дзяжурства па графіку». Натуральна, я адмовіўся, пасля чаго ён не менш урачыстым тонам паведаміў: «На вас будзе складзены дакумент аб адмове выканання дзяжурства». І хутка я ў чарговы раз адправіўся грэць сваім целам дошкі ў такім родным ужо штрафным ізалятары.

У «гарэм» амаль заўсёды трапляюць педафілы

Кажуць, што ў зонах гвалцяць гвалтаўнікоў — аднак гэта не так. Самае большае — з некаторымі гвалтаўнікамі нехта з зэкаў можа адмовіцца піць чай, але не больш за тое. Што ж датычыцца педафілаў то ў іх больш незайздросны лёс. Літаральна да нядаўняга часу іх прымусова пераводзілі ў касту пеўняў яшчэ ў СІЗА, нават не чакаючы прысуду. Аднак подых часу і трэнд «усё па законе» і тут адыгралі сваю ролю. Асабіста я сустракаў як найменш двух педафілаў, якія не былі адсаджаны і жылі амаль нароўні з астатнімі. Канечне, паводзілі яны сябе цішэй за ваду, ніжэй за траву, і не кожны зэк дазволіць такому прысесці на сваю нару альбо наогул з ім загаворыць. Аднак гэтая тэндэнцыя прысутнічае, асабліва ў зонах, дзе сядзяць першаходы (асобы, што раней не адбывалі пакарання ў калоніях).

У гарэм трапляе кожны, хто правёў некаторы час у камеры з пеўнямі

Канкрэтны перыяд часу тут вар’юецца. Нехта кажа пра гадзіну, хтосьці пра суткі. Паводле паняццяў, пры трапленні ў такую камеру неабходна зрабіць так, каб пеўні самі з яе ламіліся, пакінуўшы ў ёй мужыка. Аднак зразумела, што зрабіць гэта практычна нерэальна.

У пеўні пераводзіцца любы чалавек, які меў фізічны (акрамя сексуальнага) кантакт з пеўнем альбо які карыстаўся ягонымі асабістымі рэчамі

На практыцы гэта выглядае так: памылкова ўзяў у рукі посуд пеўня ці паеў з яго, пакарыстаўся сродкамі асабістай гігіены пеўня, абняў або павітаўся за руку, апрануў ягоную вопратку (спецыяльна або ненаўмысна) ці папіў з чалавекам гарбату, а ён аказаўся пеўнем — і ты аўтаматычна вызначаешся ў гэтую касту.

Даваць штосьці пеўню можна. Браць у яго што-небудзь — значыць самому стаць пеўнем. Аднак у гэтых правілах ёсць некаторыя паслабленні, асабліва ў зонах строгага рэжыму. Напрыклад, пеўні за цыгарэты мыюць рэчы мужыкоў, пеўню могуць дазволіць сесці на нару мужыка і г. д.

Часта пішуць або кажуць, што ў пеўні могуць вылучыць за нейкія заганныя ўчынкі супраць арыштанцкага этыкету. Раней так і бывала, але не цяпер. Прынамсі, я не назіраў ніводнага такога выпадку. Таго, хто крадзе ў сваіх, могуць абвесціць крысай і ўсяляк гнабіць, таго, хто здаў сваіх падзельнікаў на судзе, могуць за спінай называць сукай і гэтак далей, але «апусканні» за правіны — перажытак тых часоў, калі ў зонах Беларусі яшчэ былі моцныя зладзейскія паняцці.

Такім чынам, паняцце «закантактаванасці» нечым роднасна рытуальнай нечыстаце ва іўдэяў, мусульман і парсаў. І там, і там характэрнымі прыкметамі звычая з’яўляюцца ірацыянальнасць і прымхлівы страх перад «нечыстатой». Толькі калі, згодна з Торай, чалавек, што датыкнуўся, напрыклад, да мярцвечыны, будзе «нячысты да вечара», то паводле паняццяў чалавек, абліты мачою, будзе пеўнем да канца свайго жыцця, нават калі ён вызваліцца і заедзе назад у турму праз трыццаць гадоў.

Становішча пеўняў у ПУ

Што ўяўляе сабой жыццё пеўня ў зоне? Калі коратка, то гэта поўнае і беспрасветнае пекла. Згодна з паняццямі, певень не мае ніякіх правоў. Не мае права спрачацца, адказваць на абразы, адстойваць сваю годнасць, таму што лічыцца, што годнасці ў яго няма. Яго можна біць, прыніжаць, насміхацца. Калі па калідоры ідуць звычайны зэк і певень, апошні абавязаны прыхіліцца да сценкі, абы, крый Божа, не зачапіць мужыка, інакш ён можа быць збіты. Пеўні выконваюць усю брудную працу: мыццё прыбіральняў (а вы можаце ўявіць сабе, што такое 8–10 «талчкоў» на атрад у сто чалавек), вынясенне смецця і да т. п. Некаторыя пеўні аказваюць сексуальныя паслугі іншым зэкам, зарабляючы такім чынам сабе на чай і цыгарэты (праўда, трэба сказаць, што на тых зонах, дзе быў я, супрацоўнікі ПУ з гэтым змагаюцца і, калі знойдуць пеўня ды ягонага кліента, якія аддаюцца «аднаполаму каханню», абодвух пасадзяць у ШІЗА). Пеўням даюць жаночыя імёны, клічуць іх «яна» або «малая». Прызнаюся, даволі дзіка і агідна назіраць, як маладыя зэкі ржуць, звяртаючыся, напрыклад, да 60-гадовага бяззубага дзеда «Алёнка» або «Марына».

Пеўням ні на секунду не даюць забыцца пра тое, хто яны такія. У сталоўку яны заходзяць апошнімі, мыюцца ў лазні таксама апошнімі. У клубе і «ленкомнате» (пакоі, дзе глядзяць тэлевізар) для іх — асобная лаўка ў самым нязручным месцы. Зварот «сь*бал на*й отсюда» на іхні адрас — рэч абсалютна звыклая і паўсядзённая. Адзін крымінальнік мне ўпарта даказваў, што «пеўні — гэта не людзі».

Аднак яшчэ горш, чым зэкі, да пеўняў ставяцца супрацоўнікі адміністрацыі. Кантралёры, а часта і афіцэры, усяляк іх трэціруюць, публічна абражаюць, пагражаюць, а ў выпадку чаго могуць і збіць. Будучы бяспраўнымі людзьмі са зламанай воляй, пеўні яшчэ радзей, чым звычайныя зэкі, адстойваюць свае правы. Як вынік — больш за палову самазабойстваў, якія адбываліся пры мне ў турмах і зонах, учынялі менавіта пеўні, хоць у адсоткавым суаднясенні яны складаюць не больш за тры-пяць працэнтаў ад насельніцтва зоны. Што характэрна, не лепшая сітуацыя і ў СІЗА, дзе пеўні сядзяць у асобных камерах. На Валадарцы такой пеўневай камерай была 70-я. Як расказвалі хлопцы, якія доўга жылі па суседстве з ёй, яе насельнікі рэзалі сабе вены ледзь не штодзённа.

Чым яны займаюцца?

Жыццё «на дне», пастаянная нянавісць і прыніжэнні наўрад ці з кагосьці могуць зрабіць высокамаральнае стварэнне. Паводле маіх асабістых назіранняў, большасць пеўняў — людзі зусім беспрынцыпныя, подлыя, гатовыя на ўсё дзеля ўласнай выгады. Хоць, канечне, гэтыя якасці не рэдкія сярод зэкаў у цэлым, сярод пеўняў яны, бадай, распаўсюджаныя нашмат больш. Абсалютная большасць пеўняў працуюць на адміністрацыю: стукаюць, выконваюць «аператыўныя заданні», правакацыі і да т. п. Неабходнасць неяк выжываць у звышагрэсіўным і варожым асяроддзі лагера штурхае іх да саюзу з найбольш моцным бокам — супрацоўнікамі ПУ. Таму большасць функцыяў, якія выконваюць пеўні, так ці інакш навязаныя ім аператыўнікамі. У афіцыйныя абавязкі пеўняў уваходзіць прыбіранне туалетаў (ніхто, апроч іх, рабіць гэта не возьмецца) і вынясенне смецця. Многія з іх зарабляюць сабе на жыццё і прыбіраннем у пакоях. Пеўняў падзяляюць на «рабочых» і «нерабочых». Першыя — гэта тыя, хто за ўзнагароду (гарбата, цыгарэты, ласункі) аказвае сексуальныя паслугі іншым зняволеным. Другія — гэта тыя, якія гэтага не робяць, і, такім чынам, прымусіць іх нельга. Многія лічаць, што ў пеўні трапляюць праз згвалтаванне ў турме або на зоне. Пятнаццаць-дваццаць гадоў назад так яно й было. На сёння ж такое ў турмах Беларусі практычна не сустракаецца. Прынамсі, я не ведаю ніводнага такога выпадку, і ніхто з тых, хто сядзеў са мной, нічога падобнага не распавядаў. Таксама і выпадкаў згвалтавання пеўняў супраць іхняга жадання пры мне не было. Сённяшнія зоны ў нашмат большай ступені знаходзяцца пад кантролем адміністрацыі, чым раней, і певень, якога згвалцілі, можа проста напісаць заяву на гвалтаўніка, і таму накінуць тэрмін.

У чым выгада адміністрацыі?

Напэўна, пакуль чыталі гэты артыкул, у вас узнікла пытанне: а чаму дзяржава і, у прыватнасці, адміністрацыя ПУ дазваляе існаваць у месцах пазбаўлення волі дзікунскай сярэднявечнай каставай сістэме з яе недатыкальнымі, служкамі і прастытуткамі? Гэта ж негуманна, жорстка і, у рэшце рэшт, не па законе, бо згодна з ПУР ПУ ўсе зняволеныя павінны падпарадкоўвацца адным і тым жа патрабаванням, ні пра які падзел на касты не можа ісці й гаворкі. Няўжо супрацоўнікі ПУ не могуць гэта спыніць і ўсталяваць няхай строгую і жорсткую, але ўсё ж дысцыпліну?

Адказ просты: ім гэта не трэба.

За дастаткова доўгі тэрмін, праведзены ў карных установах, я паспеў шмат дзе пабываць і шмат каго пабачыць. Я пасядзеў у чатырох турмах і трох калоніях, стасаваўся з простымі мужыкамі і блатнымі, бандытамі, наркаманамі, комэрсамі і палажэнцамі (палажэнец — гэта «смотрящий», прызначаны на пасаду злодзеем у законе), махлярамі і забойцамі, казламі і нават пеўнямі, і, вядома ж, вельмі шмат стасаваўся з супрацоўнікамі ПУ. Шмат разважаючы над тым, як уладкавана карная сістэма Беларусі, я прыйшоў да адназначнай высновы: блатная і міліцэйская сістэмы кіравання карнымі ўстановамі ёсць два стаўпы, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Нефармальная сістэма паняццяў, прыдуманая зладзеямі, і Правілы ўнутранага распарадку сёння хутчэй узаемна інтэграваліся, чым знаходзяцца ў стане вайны і супярэчнасці. Так, бясспрэчна, супрацоўнікі ПУ прымусова падчысцілі тую практыку паняццяў, якая перашкаджае кіраванасці і стварае ім нязручнасці. У прыватнасці — традыцыі ўзаемнай дапамогі і салідарнасці сярод зэкаў. У астатнім свет прафесійных крымінальнікаў і свет МУС някепска ладзяць. Яны атрымліваюць адзін ад аднаго тое, што ім патрэбна: супрацоўнікі ПУ — спакой ва ўстанове, адсутнасць надзвычайных здарэнняў і кіраванасць (навошта руліць сотняй зэкаў, калі можна руліць адным блатным/казлом, які трымае ў страху астатніх?), а блатныя/казлы атрымліваюць прывілеі і ўладу. Усе задаволеныя. Акрамя, канечне, мужыкоў, якія, як водзіцца, апынуліся паміж двух агнёў і знаходзяцца, дэ-факта, у падвойным падпарадкаванні.

Многія старыя арыштанты, якія сядзяць ужо больш за дзесяць гадоў і назіралі за тым, як прыкладна з 2005 па 2010 год усе беларускія зоны з «чорных» сталі «чырвонымі», казалі мне ў адкрытую прыблізна наступнае: «А зараз тое ж самае, што і раней. Толькі замест блатных — казлы. Калі раней гарэлка і мабільнікі былі ў бадзяг, то цяпер у актывістаў. Калі раней за касякі мужыкоў білі блатныя, то цяпер б’юць казлы».

Што характэрна, нават твары такіх нефармальных кіраўнікоў часцяком тыя ж самыя. Калі пачалася актыўная ломка зон і іх перафарбоўванне, як вы думаеце, адкуль аператыўнікі бралі верных і адданых актывістаў — заўкомаў і днявальных, гатовых выканаць любы загад? Іх набіралі з учорашніх блатных, якія вельмі хутка здраджвалі сваёй блатной ідэі, калі ім пагражалі, напрыклад, адпраўкай у крытую ці пазбаўленнем прывілеяў або проста некалькі разоў саджалі іх у ШІЗА. Як вынік, сёння беларускімі зонамі разам з адміністрацыяй кіруюць зняволеныя, «твердо вставшие на путь нсправления» — пры гэтым забітыя з ног да галавы зладзейскімі татуіроўкамі, з накачанымі вазелінам кулакамі.

Нягледзячы на знешнюю супярэчнасць у функцыях, зліццё крымінальнага свету і супрацоўнікаў ПУ заўважна не толькі на інстытуцыянальным, але і на лінгвістычным узроўні. Ні для каго з сядзельцаў не сакрэт, што супрацоўнікі адміністрацыі не менш актыўна, чым зэкі, выкарыстоўваюць турэмны жаргон. Як я ўжо пісаў, тых жа пеўняў яны прыніжаюць паболей, чым крымінальнікі. Ды што казаць: сярод саміх жа супрацоўнікаў ПУ існуюць свае адсаджаныя, што з’яўляюцца выгнаннікамі ў коле калегаў. У маю бытнасць на ПК-15 (Магілёў) там працаваў адсаджаны кантралёр. Калегі не пілі з ім гарбату, ён быў адзіны, хто мог шманаць (абшукваць) пеўняў. І такія выпадкі не адзінкавыя: на ПК-14 (Навасады), па расповедах аднаго майго сукамерніка, быў нават адсаджаны афіцэр, пра якога калегі праведалі, што ён «няправільна» займаўся сексам са сваёй жонкай. Як вынік — яны перасталі піць з ім гарбату і сталі дэманстратыўна пагарджаць, больш за тое, нават зэкі гнабілі гэтага афіцэра цалкам беспакарана. І такіх прыкладаў нямала.

Цікава, што многія зэкі на хвалі ўзмацнення жорсткасці рэжыму і адноснага паляпшэння становішча пеўняў (гадоў дваццаць таму іх білі нашмат часцей, маглі таксама згвалціць) выказвалі мне меркаванне, што хутка «пеўняў не будзе, бо ўсіх прымусяць прыбіраць талчкі». Пры гэтым часта дадаючы, што, маўляў, уладзе трэба «выглядаць прыстойна перад Еўропай» (так, трапляліся і такія палітычныя аналітыкі). Аднак мне здаецца, што гэтага бліжэйшым часам не адбудзецца. Прычына ўсё тая ж — існаванне касты пеўняў істотна палягчае кіраўніцтва зонай. Без усялякага сумневу, адміністрацыі беларускіх зонаў маглі б прымусіць усіх зняволеных прыбіраць туалеты і прымаць ежу за аднымі сталамі незалежна ад масці. Не будзе на гэтай падставе ні бунтаў, ні паўстанняў: максімум наступстваў, якімі пагражае такое новаўвядзенне, — гэта некалькі дзясяткаў асабліва ўпёртых прыхільнікаў паняццяў, якіх давядзецца перавесці ў крытую. Большасць жа зэкаў у Беларусі — настолькі забітая і бясслоўная маса, што прымусіць іх да чаго заўгодна не складзе вялікай цяжкасці. А калі яшчэ і паабяцаць за прыборку туалетаў УДВ — яны пабягуць прыбіраць іх навыперадкі. Аднак, як бачым, адміністрацыя не спяшаецца гэтага рабіць.

Яшчэ адзін немалаважны момант: існаванне такой касты аказвае супрацоўнікам ПУ неацэнную дапамогу ў прэсінгу зняволеных, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца. У любой зоне і турме заўсёды знаходзяцца асобныя людзі, якія адмаўляюцца гуляць паводле правілаў, усталяваных міліцыяй. Альбо гэта асацыяльныя асобы, якія «газуюць» (г. зн. спрабуюць жыць строга паводле зладзейскіх паняццяў), альбо зняволеныя, што спрабуюць адстойваць свае правы, напрыклад скардзячыся ў розныя інстанцыі, альбо тыя, хто адно па факту свайго статусу будуць падвяргацца ў турме ганенням, напрыклад палітзняволеныя. Дык вось, многіх з пералічаных катэгорый людзей ужо не запужаць ні пазбаўленнем перадачаў і спатканняў, ні ШІЗА, ні ПКТ, ні крытай, ні 411-м артыкулам КК. Пытанне: што ж з імі рабіць? І тут на дапамогу прыходзіць апошні аргумент — пеўневая каста. І тут нават тыя, хто не баіцца ні ізалятара, ні дубінак, безумоўна, задумаюцца. Бо жыццё ж у гэтай касце — самае горшае, што можа адбыцца з арыштантам. Чалавеку з пачуццём уласнай годнасці знаходзіцца ў калектыве, маючы такі статус, становіцца практычна нерэальна. А выхаду прэч з гэтай касты не існуе.

Мне даводзілася стасавацца з былым зняволеным ПК-2 (Бабруйск), якому начальнік калоніі, у адказ на патрабаванні прытрымлівацца закону і не парушаць ягоныя правы, сказаў: «Ты што, забыўся, дзе гарэм знаходзіцца?» І гэта далёка не адзінкавы прыклад. Пра выкарыстанне гэтай прылады супраць палітзняволеных і казаць не варта. Асабіста мне вядомыя найменей тры выпадкі, калі палітвязняў заганялі ў пеўневую касту проста за тое, што яны палітвязні. Ва ўсіх трох выпадках аператыўная камбінацыя была вельмі падобная: па прыездзе палітзняволенага ў зону знаходзіцца аўтарытэтны зэк (блатны або казёл), які высоўвае супраць таго абвінавачанне ў касяку: сядзеў у адной камеры з апушчаным, альбо піў з пеўневага кубка, альбо меў стасункі з пеўнем на волі. Натуральна, гэтае абвінавачанне не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Але, як па ўзмаху чароўнай палачкі, з-пад зямлі вырастае адзін ці некалькі сведкаў, якія пацвярджаюць: «Так, піў-піў, я сам бачыў!», або «Так-так паласкаўся з підарам па волі, я сам бачыў!» — хоць «абвінавачваны» гэтых людзей і ведаць не ведае. І вось — можна выносіць рашэнне, усё па паняццях! Вынік: палітвязень адпраўляецца ў касту пеўняў, выканаўца (блатны ці казёл) атрымлівае падачку ў выглядзе спаткання або перадачы, а хітры аператыўнік, што распрацаваў увесь план, заслугоўвае заахвочванне ад начальства.

Мяне, на шчасце, гэткі лёс прамінуў, хоць спробы, як я пісаў вышэй, былі. Зрэшты, відавочна, дакладнай устаноўкі загнаць мяне ў гарэм у адміністрацыі не стаяла, інакш яны б неадменна гэта зрабілі.

Такое адзінадушша нефармальных турэмных элітаў з адміністрацыяй у дачыненні да палітзняволеных зноў дазваляе мне казаць пра тое, што іерархічная карная сістэма заўсёды дзейнічае ў адзіным рэчышчы, калі неабходна падаўленне і выцісканне чужародных элементаў — патэнцыйных бунтароў, якія могуць самастойна мысліць і адстойваць свае правы. І, вядома, самі сабой кладуцца ў гэтую канву аналогіі з 30–40-мі гадамі, калі крымінальнікі ўзялі жывы ўдзел у ліквідацыі «трацкістаў», «здраднікаў радзімы» і іншай «58-й» (гл.: В. Шаламов «Жульническая кровь», Э. Эппбаум «ГУЛАГ», А. Солженицын «Архипелаг ГУЛАГ», кніга З).

Так, гэтыя дзве галавы карнай гідры могуць часам грызціся паміж сабою, але, тым не менш, яны патрэбныя аднай адной, і ў момант, калі неабходна будзе знішчэнне падобных да нас, яны неадменна будуць разам.

Ці ёсць выйсце?

Тут, мяркую, будзе да месца даць некалькі парадаў, як паводзіцца ў выпадку, калі вы, знаходзячыся ў турме, бачыце, што вас за непадпарадкаванне ці за тое, што палітычны (што найчасцей), спрабуюць вылучыць ці ўжо вылучылі ў касту пеўняў

Першае і самае галоўнае — змяніць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Усіх нас, мужчын, вучылі, што «підарас» — гэта крыўдна і мярзота, што быць такім ганебна. І тут — калектыў дарослых і быццам бы ў здаровым розуме мужчын гаворыць вам, што вы менавіта такі. Вам жа неабходна ў першую чаргу зразумець, што ў вашым цяперашнім стане няма нічога брыдкага або такога, у чым вы павінны сябе вінаваціць. Вы — не педафіл, не гвалтаўнік і нават не гей. Проста супраць вас выкарысталі звярыныя каставыя нормы, што валадараць у турме, для таю каб зламаць вашу волю і панізіць ваш статус у вачах астатніх.

Што ж рабіць?

Калі працэс яшчэ не зайшоў у незваротную стадыю, напрыклад, вас закінулі ў пеўневую камеру, або калі зэкі публічна правакуюць, задаючы падступныя пытанні, мае сэнс супраціўляцца да апошняга — біцца, учыняць членашкодніцтва, правакаваць любыя канфлікты, абы выйсці з гэтай сітуацыі, паказаць сваю рашучасць ісці да канца, адказваць на агрэсію яшчэ большай агрэсіяй. Калі ж момант упушчаны і вы ўжо ў гэтай касце, то вам застаецца патрабаваць у адміністрацыі свайго законнага права на захаванне асабістай бяспекі (артыкул 11 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь) — пераводу вас у бяспечнае месца (як правіла, у адзіночную камеру).

Згодна з гэтым артыкулам «пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспецы асуджанага ён мае права звярнуцца з заявай аб захаванні асабістай бяспекі да любой службовай асобы ўстановы, якая выконвае пакаранне. У гэтым выпадку службовая асоба абавязаная неадкладна прыняць захады па захаванні асабістай бяспекі асуджанага». Мне невядома ніводнага выпадку, каб асуджанаму адмовілі ў такім патрабаванні. Аднак усё можа быць, і не выключана, што для мацнейшага эфекту чалавека, які абвешчаны адсаджаным і запатрабаваў вывесці яго з агульнага барака, могуць адмыслова там пакінуць — на ноч, напрыклад, каб той адчуў усе даброты пеўневага жыцця. У гэтым выпадку трэба быць гатовым і да прыніжэнняў, і да бойкі, і да чаго заўгодна. Зноў жа, гэта менавіта тая сітуацыя, калі варта ісці на крайнія меры ў выглядзе членашкодніцтва або самаабароны ўсімі даступнымі спосабамі. Варта памятаць: чым больш праблем вы створыце адміністрацыі, тым хутчэй яны гарантуюць вам бяспеку, бо пакуль што перад адміністрацыямі ПУ не стаіць мэта фізічнага вынішчэння палітзняволеных — гаворка ідзе толькі пра тое, каб зламаць маральна. Лішні труп або інвалід у зоне ім ні да чаго.

Канечне, неабходна разумець, што зварот да адміністрацыі з заявай аб тым, каб вас зачынілі ў адзіночку, таксама з’яўляецца касяком з пункту гледжання паняццяў. Такіх называюць «ломанувшимися», «закрывшимися» і да т. п. Згодна ж з паняццямі, вы, калі лічыце, што вас адсадзілі «по беспределу» (г. зн. несправядліва), павінны знайсці вышэйстаячага ў іерархіі крымінальніка («смотрящего» ці «Вора в законе») і звярнуцца да яго з апеляцыяй, а ўжо ніяк не патрабаваць ад адміністрацыі пасадзіць вас у бяспечнае месца. Рабіць так ці іначай — вырашаць вам. Аднак маё меркаванне такое: апеляваць да паняццяў, якія самі па сабе з’яўляюцца інструментам ламання нязгодных, як мінімум недальнабачна. Ды і аператыўнікі заўжды знойдуць падыход — «па-добраму» або «па-дрэннаму» — да любога крымінальніка, які прымае рашэнні. І паміж выратаваннем вашага лёсу і ўласным дабрабытам ён адназначна абярэ другі. Са мною, дарэчы, быў падобны выпадак у турме № 4 (магілёўскай крытай), дзе правілі баль блатныя. Праўда, гэтая гісторыя заслугоўвае асобнага аповеду.

Самае першае, што трэба зрабіць у падобным выпадку, — гэта абнародаваць тое, што адбылося з вамі, паведаміўшы адвакату і родным, каб інфармацыя трапіла ў СМІ. Яны пакуль што яшчэ з’яўляюцца для палітвязьняў якім-ніякім шчытом ад адкрытага бязмежжа, таму неабходна наўпрост і адкрыта казаць аб усім, што з вамі адбылося, не саромеючыся расказваць і пра касты, і пра «паняцці», і пра правакацыі аператыўнікаў. Бо адміністрацыя ж, прасуючы зэкаў падобным чынам, якраз і грае на іхніх мужчынскіх пачуццях і адчуванні сораму за тое, што «я ж цяпер, як гомік». Дзякуючы гэтаму абсалютная большасць падобных гісторый, што адбываюцца, заўважу, не толькі з палітычнымі, ніколі не выходзяць на волю. Людзі проста саромеюцца пра іх гаварыць, гэткім чынам аднаўляючы заганнае кола маўчання і дазваляючы супрацоўнікам ПУ і далей выкарыстоўваць нефармальныя турэмныя правілы для ціску на няўгодных. Спыніць гэта можна, толькі пачаўшы гаварыць аб праблеме услых, пераадолеўшы цалкам не абгрунтаваныя сорам і страх.

Хоць пабываць у падобным становішчы мне не даводзілася, але верагоднасць таго, што па кадэбэшнай указцы мяне загоняць у гарэм, я разглядаў пастаянна. І шляхам доўгіх развагаў, назіранняў і аналізу чужога досведу прыйшоў да высновы, што ў выпадку чаго буду паводзіць сябе менавіта так, як апісана вышэй.

Падсумоўваючы, хацелася б завяршыць гэтае эсэ чым-небудзь аптымістычным і жыццесцвярджальным. Але рэальнасць дыктуе крыху іншыя таны. Колькасць людзей, што трапляюць у турмы за перакананні, паступова расце, а разам з імі расце і прэсінг у месцах пазбаўлення волі. Немалаважнай часткай гэтага прэсінгу якраз і з’яўляецца тая сістэма кастаў і нефармальнай іерархіі, якую я апісаў вышэй.

Ужо не індывідуальная, а масавая сістэма «адпрацоўкі» асаблівых катэгорый зэкаў абкатваецца на зняволеных-наркаманах. У зонах зрабілі новаўвядзенне: прафілактычны ўлік для «экстрэмістаў» — іх прымушаюць насіць жоўтыя біркі (http://abcbelarus.org/?p=6821). Лагічна выказаць здагадку, што ў святле радыкальнага пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне наступнымі пасля наркаманаў, для каго створаць асобныя зоны, як раз і будуць палітычныя.

Агулам кажучы, мяркую, што ўсім нам, тым, хто сёння стаіць за перамены і звяржэнне дыктатара, варта пакінуць ілюзіі і зразумець, што лягчэй не будзе — будзе толькі цяжэй. Безумоўна, адміністрацыі ПУ працягнуць выкарыстоўваць супраць палітзняволеных прэсінг з дапамогай зладзейскіх паняццяў — гэты інструмент зручны і неаднойчы даказаў сваю эфектыўнасць. Змяніць сітуацыю да лепшага можа толькі злом архаічнай каставай сістэмы, а для пачатку— злом маўчання і табу на абмеркаванне гэтай тэмы ў грамадстве.

12—16 чэрвеня 2016


Пах